Фатограф Аляксандар Васюковіч расказаў на Facebook, што атрымаў ад Сьледчага камітэту Расеі ліст з патрабаваньнем зьявіцца ў сьледчы аддзел Таганскага раёну ў Маскве і даць пісьмовыя тлумачэньні пра матэрыялы праверкі яго работ з выставы «Прямой взгляд», што праходзіла ў Маскве ў верасьні 2016 году.
У здымках дэпутат маскоўскай акругі Якіманка Дзьмітры Захараў пабачыў «прапаганду забароненай у Расеі арганізацыі „Правы сэктар“». На зварот дэпутата расейскія сьледчыя правялі праверку.
Васюковіч кажа Свабодзе, што адказаў на ліст расейскіх сьледчых: патлумачыў, што жыве ў Беларусі і ня можа прыехаць. Сьледчыя спасылаюцца ў лісьце на пункт расейскага закону, які тычыцца грамадзянаў Расеі «ды іншых асобаў». Васюковіч пацьвярджае Свабодзе, што зьяўляецца грамадзянінам Беларусі, а не Расеі, і ня ведае, як расейскія сьледчыя могуць ад яго нечага патрабаваць.
«Выставачная заля маскоўскага Сахараўскага цэнтру пасьля разгрому „вэтэранамі Данбасу“». Фотагалерэя:
Сярод здымкаў Васюковіча на выставе, што разграмілі людзі, якія назвалі сябе «вэтэранамі Данбасу», былі толькі работы з сэрыі «Фота на памяць», на якіх не было ніводнага байца «Правага сэктару».
Дэпутат Захараў быў разам зь людзьмі, якія грамілі выставу: трымаў слоік чырвонай фарбы з надпісам «Кроў дзяцей Данбасу, забітых украінскім войскам». У сацсетках ён хваліўся, што прыйшоў закрываць «выставу забойцаў», у дзень пагрому падаў заяву ў Сьледчы камітэт. Пазьней ён ладзіў пікеты ля амбасады Чарнагорыі супраць «Чарнагорыі — дзяржавы-Іуды», ля амбасады Турэччыны супраць «здрадніка і нацыста Эрдагана», зрываў з паплечнікамі мерапрыемствы ва Ўкраінскім культурным цэнтры, называючы Галадамор «мітам».