Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне судзяць актывістку АГП, якая праводзіла апытаньне грамадзян на вуліцы


Алена Луцковіч
Алена Луцковіч

Алену Луцковіч вінавацяць у дробным хуліганстве.

30 студзеня суд Акцябрскага раёну (Гомельская вобласьць) разгледзіць адміністрацыйны пратакол, складзены мясцовым РАУС у дачыненьні да жыхаркі райцэнтру, актывісткі АГП і лідэра «Маладых дэмакратаў» Алены Луцковіч.

Яна разам з блогерам Андрэем Павуком праводзіла апытаньне мясцовых жыхароў, што міліцыя расцаніла як дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КаАП).

У копіі пратаколу, які актывістка атрымала поштаю, гаворыцца, што Луцковіч, знаходзячыся на цэнтральнай плошчы ў гарадзкім пасёлку Акцябрскі каля будынка райвыканкаму, «наўмысна, беспадстаўна, неаднаразова спыняла і прыставала да грамадзян, патрабавала адказаць на яе пытаньні; на просьбы грамадзян адчапіцца не рэагавала, чым парушыла грамадзкі парадак і спакой грамадзян».

Як паведаміла БелаПАН Луцковіч, 17 студзеня яна і Андрэй Павук здымалі сюжэт для блогу «Рудабельская паказуха» — хацелі пачуць думккі мясцовых жыхароў пра выбары — наколькі яны сумленныя і справядлівыя ў Беларусі. «Мне, як экс-кандыдатцы і будучай кандыдатцы ў дэпутаты, гэта асабліва цікава. Тым больш у 2015 годзе мы практычна на месцы злачынства злавілі фальсыфікатараў, але праўды не дамагліся. Да нас зь людзей ніхто прэтэнзіяў не прад’яўляў, ніхто ня скардзіўся, што мы перашкаджаем, прыстаём. Гэта было ў той момант, калі работнікі выканкаму ішлі з абеду. Мы спыталі і іхную думку. Там былі людзі, якія пастаянна працуюць ва ўчастковых і раённай ці акруговай выбарчых камісіях. Яны ўсе адмовіліся адказваць. Я думаю, іх бянтэжыла наша пытаньне, і яны, напэўна, пакрыўдзіліся. Таму хтосьці патэлефанаваў у міліцыю і запатрабаваў спыніць «бязладзьдзе», — пракамэнтавала актывістка АГП.

Да актывістаў пад’ехалі міліцыянты і прапанавалі праехаць у аддзел на той падставе, што нібыта грамадзяне скардзяцца. Хто менавіта скардзіцца, міліцыянт адмовіўся паведаміць. У той жа вечар ўчастковы даставіў Луцковіч позву.

Яна мае намер абскардзіць дзеяньні міліцыі ў пракуратуры, бо, паводле актывісткі, супрацоўнікі РАУС не патлумачылі яе працэсуальны статус, правы і абавязкі, а потым у яе адсутнасьць склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні. Пратакол, на думку Луцковіч, не адпавядае Працэсуальна-выканаўчаму кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях, бо некаторыя фразы проста нечытэльныя, а прозьвішчы заяўнікаў зацёртыя.

Актывістка расцэньвае дзеяньні міліцыі як перасьлед з палітычных матываў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG