Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтаму сьпеваку трэба забараніць выступы ў Беларусі», — віцяблянін пра Віктара Каліну


16 студзеня жыхар Віцебску Сяргей Сясіцкі высьветліў, што на сайце выканаўцы «расейскага шансону» (сьпеваў на турэмную тэматыку) Віктара Каліны выкладзены расклад ягонай гастрольнай паездкі ў Віцебскую вобласьць. Згодна зь ім, сьпявак меў намеры наведаць у першай дэкадзе лютага чатыры раённыя цэнтры.

Спадар Сясіцкі зьвярнуўся ў Віцебскі аблвыканкам, каб даведацца пра стаўленьне мясцовых уладаў да гэтых канцэртаў. На ягоную думку, іх належыць забараніць згодна з «Палажэньнем аб правядзеньні культурна-масавых мерапрыемстваў», зацьверджаным указам № 542 Аляксандра Лукашэнкі.

У дакумэнце гаворыцца, што на тэрыторыі краіны забароненыя мерапрыемствы, якія нясуць «пагрозу нацыянальнай бясьпецы, грамадзкаму парадку, маральнасьці і здароўю насельніцтва, правам і свабодам грамадзян», тым часам як Віктар Каліна дазваляе сабе зьняважлівыя выказваньні пра Беларусь і беларусаў. Апроч гэтага, ёсьць «інфармацыя пра ягоны ўдзел у баявых дзеяньнях ва Ўкраіне на баку незаконных фармаваньняў» — так напісаў спадар Сясіцкі ў сваім звароце да ўладаў.

Сяргей Сясіцкі
Сяргей Сясіцкі

Пра гэты зварот ён паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку. Адказ, атрыманы па электроннай пошце, спадар Сясіцкі разьмясьціў у той самай сацыяльнай сетцы 23 студзеня. Зь яго вынікае, што ў Віцебскі аблвыканкам ні ад Віктара Каліны, ні ад іншых упаўнаважаных асобаў не паступала зваротаў з мэтай атрыманьня пасьведчаньняў на арганізацыю канцэртаў. Адпаведна, мела месца незаконнае рэклямаваньне канцэртаў, на якія не атрыманы дазвол. Паводле адказу за подпісам начальніка ўправы ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Генадзя Ягорава, сьпеваку патлумачылі, што ён парушыў заканадаўства, і рэкляма лютаўскіх канцэртаў на Віцебшчыне з сайту Віктара Каліны зьнікла.

Аднак спадар Сясіцкі зьвяртае ўвагу, што загадчык ідэалягічнай управы ўхіліўся ад ацэнкі зьняважлівых выказваньняў выканаўцы і не зрабіў высноваў адносна дапушчальнасьці канцэртаў Віктара Каліны на тэрыторыі Беларусі, якую сьпявак зьняважліва называе «беларашкай». Таму віцяблянін заклікае жыхароў іншых рэгіёнаў быць пільнымі і сачыць за сайтам Віктара Каліны — ці ня зьявіцца там раскладу новага несанкцыянаванага гастрольнага туру. А таксама адсочваць навіны зь Віцебшчыны: калі расклад тутэйшых канцэртаў будзе разьмешчаны зноў, то гэта азначае, што мясцовыя ўлады «не пярэчаць супраць абразаў Рэспублікі Беларусь і яе грамадзянаў».

Сяргей Сясіцкі кажа, што ягонай мэтай было не выкрываньне «несанкцыянаваных» канцэртаў, а іх забарона, бо сьпявак дазваляе сабе выказваньні адкрыта шавіністычнага характару:

«Мне незразумела, чаму з афіцыйнага сайту Віктара Каліны зьніклі згадкі толькі пра канцэрты на Віцебшчыне. Я зьвярнуўся ў выканкамы іншых абласьцей, каб там таксама спраўдзілі, ці на законных падставах анансуюцца гастролі ў Смалявічах, Пінску, Салігорску, Астраўцы... На маю думку, гэтаму сьпеваку трэба катэгарычна забараніць выступы ў Беларусі».

Тым ня менш на сайце сьпевака пасьля зваротаў Сяргея Сясіцкага зьявіўся анонс са словамі «У інтэрнэце распаўсюджваюцца чуткі, што я адмяніў канцэрты. Ня верце чуткам! Усе заяўленыя канцэрты адбудуцца!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG