Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт прагаласаваў за адмену квотаў на беларускі тэкстыль


На мінулым тыдні Эўрапейскі парлямэнт прагаласаваў за адмену квотаў на пастаўкі беларускіх тэкстыльных вырабаў на рынак Эўразьвязу.

Як паведамляе літоўскае выданьне Verslo Žinios, за адмену прагаласавалі 549 эўрадэпутатаў, супраць былі 87 чалавек, устрымаліся — 33. На сайце Эўрапарлямэнту тэкст пастановы адсутнічае, паколькі яна яшчэ мусіць быць зацьверджана Эўрапейскай Радай, якая зьяўляецца другім асноўным заканадаўчым органам у ЭЗ.

Сыстэма квотаў на прадукцыю беларускай лёгкай прамысловасьці на рынак ЭЗ пачала дзейнічаць ад 1993 году. Згодна з двухбаковым пагадненьнем, Эўразьвяз штогод вылучаў беларускім тэкстыльным і швэйным прадпрыемствам спэцыяльныя квоты па 34 асноўных групах тавараў. Пагадненьне дазваляла беларускаму боку павялічваць агульны аб’ём экспарту штогод на 5%. Беларускія ўлады са свайго боку зьніжалі стаўкі ўвазных мытных пошлін на тэкстыльную прадукцыю з эўрапейскіх краінаў.

У камэнтары для агенцтва БелаПАН начальніца упраўленьня зьнешнеэканамічных сувязяў канцэрну «Беллегпрам» Ганна Дашкова сказала, што адмена квотаў стане «сыгналам таго, што зь Беларуссю можна працаваць». Яна дадала, што ў сьпісе для квотаў Эўразьвязу ўсяго дзьве краіны — Беларусь і Паўночная Карэя.

«Для нашай краіны гэта было нядобра з пункту гледжаньня нарошчваньня экспарту. Пакуль складана сказаць аб фінансавым эфэкце ад адмены квот, але гэта адназначна паўплывае самым спрыяльным чынам на далейшае разьвіцьцё гандлёва-эканамічных адносін і выбудоўваньне ланцужкоў паставак», — заявіла Дашкова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG