Анатоль Паплаўны — сьлесар-інструмэнтальшчык найвышэйшай кваліфікацыі, на заводзе ён працаваў тры гады. Ні заўваг, ні спагнаньняў за гэты час ня меў.
«Прыкра тое, — кажа Анатоль, — што звальняюць мяне за 16 дзён да таго часу, калі, паводле заканадаўства, звальняць наагул будзе нельга: 21 красавіка мне споўніцца 59 гадоў, як той казаў, пэнсія на гарызонце. А прэзыдэнцкі дэкрэт № 29 забараняе звальняць работніка, калі яму да пэнсіі застаецца два гады. Думаю, што спрацавала тэлефоннае права, і ад мяне пазбаўляюцца найперш як ад грамадзкага актывіста. Калегі пераказвалі, што начальнік цэху нібыта нават хадзіў да галоўнага інжынэра і прасіў пакінуць мяне на працы».
Анатоль Паплаўны зьяўляецца рэгіянальным прадстаўніком праваабарончага цэнтру «Вясна», раней ачольваў гарадзкую арганізацыю Беларускага народнага фронту. За апазыцыйныя акцыі й пікеты атрымліваў штрафы і сядзеў на сутках.
На леташніх парлямэнцкіх выбарах Паплаўны быў доўгатэрміновым назіральнікам ад апазыцыі ў Гомельскай-Сяльмашаўскай акрузе, напісаў шэраг заўваг пра арганізацыю выбараў і падлік галасоў.
Гэта ўжо трэцяе звальненьне Паплаўнага. Раней з Анатолем раптоўна спынялі кантракты на заводзе пускавых рухавікоў і на прадпрыемстве «Віпра».
«Калі гэтым разам я атрымаў паведамленьне наконт непадаўжэньня кантракту, — дадае Паплаўны, — то адразу напісаў заяву на выхад з афіцыйнага прафсаюзу. Забараніў ужо са студзеня вылічваць з майго заробку прафсаюзныя ўнёскі, паколькі прафсаюзная арганізацыя ня ў стане паўнавартасна абараняць інтарэсы сваіх чальцоў. Заяву ў афіцыйны прафсаюз давялося напісаць у свой час таму, што гэта было абумоўлена прыёмам на працу, якой у красавіку мяне пазбаўляюць».