Чалец украінскай арганізацыі УНА-УНСО гамяльчанін Міхаіл Жызьнеўскі быў забіты 22 студзеня 2014 года на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве стрэлам у сэрца. Ён стаў адной зь першых ахвяр супрацьстаяньня з сілавікамі.
У ходзе жалобнага мерапрыемства пад Гомелем бацька загінулага Міхаіл Жызьнеўскі адзначыў, што яго сын загінуў за свабоду ня толькі Украіны, але і Беларусі.
«А чаго ж захацелася ім — пагарджаным век, сьляпым, глухім? Людзьмі звацца. Вось за гэта змагаліся на Майдане. Так і сёньня хочацца сказаць, што мы ня быдла, як нас лічыць улада, а народ», — заявіў Жызьнеўскі.
Палітык Вячаслаў Сіўчык у сваім выступленьні заўважыў, што фігура Міхаіла Жызьнеўскага абʼядноўвае беларусаў з суседзямі-ўкраінцамі, паведамляе БелаПан.
«Наперадзе ў нас ня вельмі добрыя часы, але дзякуючы постацям герояў мы павінны запомніць, што нават у самыя страшныя часы людзі павінны заставацца людзьмі», — дадаў Сіўчык.