Прэм’ер-міністар Сэрбіі Аляксандар Вучыч паведаміў пра сваё рашэньне спыніць цягнік, які накіроўваўся зь Бялграду ў горад Мітравіца ў паўночнай частцы Косава, дзе пераважае сэрбскае насельніцтва.
Прамацыйны рэйс 14 студзеня меўся стаць першым такім маршрутам ад часоў вайны ў 1998-99 гадах.
Вучыч абвясьціў пра сваё рашэньне спыніць цягнік на прэсавай канфэрэнцыі ў горадзе Рашка на поўдні Сэрбіі непадалёк ад мяжы з Косавам. Паводле сэрбскага прэм’ера, спэцслужбы Косава на мяжы рыхтаваліся арыштаваць машыніста і пасажыраў цягніка.
Міністар унутраных справаў Косава Скендэр Хюсэні раней паведаміў пра загад заблякаваць цягнік, размаляваны ў колеры сэрбскага сьцяга са словамі «Косава гэта Сэрбія» на 21 мове.