Кіраўніцтва Польшчы 14 студзеня вітала ў краіне вайскоўцаў ЗША. Прэм’ер-міністарка Польшчы Бэата Шыдла сказала, што гэта «вялікі дзень», які дапаможа гарантаваць бясьпеку ў рэгіёне.
Каля 3,500 амэрыканскіх вайскоўцаў накіраваліся ва Ўсходнюю Эўропу ў рамках ратацыі войскаў NATO. Гэты крок скіраваны на тое, каб паменшыць засьцярогі краінаў рэгіёну пасьля дзеяньняў Расеі супраць Украіны.
«Гэта важны дзень для Польшчы, для Эўропы, для нашай агульнай абароны,» — сказала Бэата Шыдла 14 студзеня на цырымоніі ў горадзе Жагань на захадзе Польшчы.
Польскі міністар абароны Антоні Мацярэвіч сказаў, што амэрыканскія вайскоўцы дапамогуць гарантаваць «свабоду, незалежнасьць і мір у Эўропе і ва ўсім сьвеце».
Расея вельмі крытычна паставілася да разьмяшчэньня ва Ўсходняй Эўропе амэрыканскіх вайскоўцаў, якое адбылося пасьля расейскай анэксіі Крыму ў сакавіку 2014 году і падтрымкі Расеяй сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны.
«Гэтыя дзеяньні пагражаюць нашым інтарэсам, нашай бясьпецы», — сказаў 12 студзеня Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.