Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне асуджаныя больш за 30 расейскіх вайскоўцаў


Яўген Ерафееў і Аляксандар Аляксандраў у судзе ў Кіеве
Яўген Ерафееў і Аляксандар Аляксандраў у судзе ў Кіеве

Украінскія суды за час узброенага канфлікту ў Данбасе вынесьлі 57 прысудаў за разьвязваньне і вядзеньне агрэсіўнай вайны супраць Украіны, у тым ліку — 31 расейскаму вайскоўцу. Акрамя таго, у суды перададзеныя абвінаваўчыя акты супраць яшчэ 27 чалавек, адзначыў у інтэрвію «5-му каналу» галоўны вайсковы пракурор Украіны Анатолій Матыёс.

Паводле яго слоў, асуджаныя ў мінулым годзе да 14 гадоў зьняволеньня расейскія вайскоўцы Аляксандар Аляксандраў і Яўген Ерафееў (іх абмянялі на асуджаную ў Расеі па абвінавачваньні ў забойстве расейскіх журналістаў Надзею Саўчанку), не абскардзілі прысуды. Гэта, на думку ўкраінскага вайсковага пракурора, «сьведчыць пра прызнаньне Расеяй агрэсіі супраць Украіны». У вайсковай пракуратуры дзейнічае спэцыяльны аддзел, які фіксуе факты гібрыднай вайны супраць Украіны, і ўсе доказы ваенных злачынстваў Расеі старанна дакумэнтуюцца і перадаюцца ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Па словах Матыёса, у Гааскім трыбунале былі шакаваныя колькасьцю доказаў, прадстаўленых украінскім бокам.

У верасьні 2016 году генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка распавёў, што асноўным фактарам паразы ўкраінскіх войскаў пад Ілавайскам у канцы жніўня 2014 году стала прамое ўварваньне Ўзброеных сіл Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыю Ўкраіны. Паводле вынікаў расьсьледаваньня Ілавайскай трагедыі пракуратура паведаміла аб падазрэньні міністру абароны Расеі Сяргею Шайгу, а таксама 14 генэралам і 2 палкоўнікам расейскіх Узброеных сілаў.

У пачатку студзеня гэтага году міністар абароны Ўкраіны Сьцяпан Палтарак заявіў, што на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласьцей знаходзяцца 5 тысяч кадравых расейскіх вайскоўцаў і каля 40 тысяч узброеных прыхільнікаў самаабвешчаных «народных рэспублік».

Кіеў і краіны Захаду абвінавачваюць Расею ва ўзброенай падтрымцы сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Крэмль афіцыйна абвяргае гэтыя абвінавачваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG