Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мясная індустрыя шкодзіць навакольнаму асяродзьдзю


Сёньня мы паглядзім на тэму даўгалецьця зь нечаканага боку.

Даўгалецьце залежыць ня толькі ад ладу жыцьця, але і ад навакольнага асяродзьдзя. А навакольнае асяродзьдзе — гэта ня нешта вонкавае, што не залежаць ад нас. Тое, што мы бачым вакол сябе і чым дыхаем — гэта вынік нашых дзеяньняў. Я ўпэўнена: індывідуальны выбар можа зьмяніць навакольле.

14 студзеня а 16:00 я чытаю лекцыю пра вэгетарыянства http://cech.by/lecture/veganstvo-v-belarusi// ў прасторы ЦЭХ. У гэтым артыкуле я прапаную вам вытрымкі зь лекцыі. Гэтая інфармацыя — даказаныя факты.

Пагаворым пра тое, як уплывае спажываньне мяса на навакольнае асяродзьдзе.

Лес

70% сельскагаспадарчых зямель плянэты прызначана для выганаў, якія выкарыстоўваюцца, каб карміць жывёл, якіх мы ямо. У мінуласьці гэтыя выганы — каштоўныя лясныя масівы. Высечка лясоў азначае зьнішчэньне асяродзьдзя для жыцьця дзікіх жывёл. Паводле дадзеных фонду дзікай прыроды (WWF) за апошнія чатыры дзесяцігодзьдзі мы зьнішчылі больш за палову дзікіх жывёл. Гэта — вынік нашага пастаяннага голаду. Амаль адзін гектар трапічных лясоў высякаецца кожную хвіліну для таго, каб накарміць рагатую жывёлу.

10% сельскагаспадарчых угодзьдзяў плянэты выкарыстоўваецца для вытворчасьці травы, каб накарміць жывёл, якіх мы ямо. Гэтыя травяныя культуры маглі б накарміць сотні мільёнаў галодных людзей па ўсім сьвеце. Глябальна, каля 800 мільёнаў тон пшаніцы, аўса і кукурузы ідуць на корм скату, што складае больш за 40 адсоткаў сусьветнай вытворчасьці, нароўні з 250 млн тон соевых бабоў (важная алейная культура). І гэта ў той час, як 800 мільёнаў чалавек пакутуюць ад хранічнага голаду, гэта значыць, яны ня могуць рэгулярна спажываць мінімальную колькасьць энэргіі (калёрый), неабходнай для падтрыманьня жыцьцёвых функцый (дадзеныя Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя).

Вада

Вытворчасьць мяса патрабуе калясальнай колькасьці вады. Сельская гаспадарка выкарыстоўвае каля 70 адсоткаў запасаў сусьветнай прэснай вады. Трэць гэтай колькасьці (ці 20% усёй прэснай вады), выкарыстоўваецца для вырошчваньня збожжавых культур у якасьці корму для жывёл. Гэтая вада магла б выратаваць велізарныя заселеныя людзьмі тэрыторыі, якія цярпяць ад засухі.

15415 літраў вады неабходна для вытворчасьці аднаго кг ялавічыны.

9000 літраў вады неабходна для вытворчасьці аднаго кг сьвініны.

4325 неабходна для вытворчасьці аднаго кг курыцы.

Ежа

Вытворчасьць ялавічыны значна больш рэсурсаёмістая, чым вытворчасьць сьвініны або курыцы. Яна патрабуе прыкладна ад трох да пяці разоў больш зямлі для вырабу аналягічнай колькасьці бялку. Ялавічына выкарыстоўвае каля 60% сусьветных сельскагаспадарчых угодзьдзяў, але пры гэтым пастаўляе менш за 5 адсоткаў сусьветнага бялку і менш за 2 адсоткі сусьветных калёрый (г.зн. калёрый, якія мы ўсе разам спажываем).
Паводле дадзеных нядаўняга дакладу National Geographic, на кожныя 100 калёрый збожжа, якім мы кормім жывёл, мы атрымліваем толькі 40 новых калёрый малака, або 22 калёрыі яек, або 12 калёрый курынага мяса, або 10 сьвінога, або 3 ялавічнага.

Паводле дадзеных за 2013 год, у разьвітых краінах чалавек зьядае ў сярэднім 76 кг мяса ў год.

Зараз нас на Зямлі каля 7 мільярдаў чалавек. Да 2050 года нас будзе 9 мільярдаў.

У дадзены момант глябальна мы вырабляем дастаткова адзінак энэргіі альбо калёрый, каб накарміць 11 мільярдаў чалавек. Парадаксальна, што большасьць гэтых калёрый ідзе на харчаваньне жывёл, а не на харчаваньне тых, хто галадае.

Энэргарэсурсы

Акрамя выдаткаў на вырошчваньне корму, зямля, вада і электраэнэргія неабходныя для таго, каб разьмясьціць і вырасьціць жывёл, якіх мы пасьля зьямо, а таксама для таго, каб пазбавіцца ад прадуктаў іх жыцьцядзейнасьці.

Калясальная колькасьць энэргіі неабходна і для таго, каб транспартаваць жывёл да месца забойства і перапрацаваць іх мёртвыя целы ў прадукты харчаваньня чалавека. У якасьці прыкладу: людзі, якія рэгулярна ядуць ялавічыну, ужываюць у сярэднім у 150-160 разоў больш водных, зямных і энэргарэсурсаў плянэты, чым вэгетарыянцы.

Экскрэмэнты

Яшчэ адна вельмі брудная (літаральна) праблема — экскрэмэнты. Жывёлы, якіх мы ўжываем у ежу, вырабляюць у 130 разоў больш экскрэмэнтаў, чым усё насельніцтва зямлі. Фэрма, на якой жыве 2500 кароў, вырабляе столькі ж фэкаліяў, колькі і горад з насельніцтвам у больш за 400.000 чалавек. Як ўтылізуюцца гэтыя прадукты? Часткова яны выкарыстоўваюцца ў якасьці ўгнаеньняў. Але такая вялікая колькасьць фэкаліяў ня можа быць выкарыстана адразу. Прадукты жыцьцядзейнасьці захоўваюцца ў адкрытых сховішчах, выпускаючы ў атмасфэру шкодныя хімічныя злучэньні. Яны таксама трапляюць у ваду і забруджваюць яе. Экскрэмэнты вылучаюць у атмасфэру вялікую колькасьць мэтану, вуглякіслага газу, аміяку.

Устойлівага спосабу павысіць прадукцыю жывёльнага паходжаньня ў мэтах задавальненьня попыту ў сьвеце на сёньняшні дзень проста не існуе. На жаль, нават «зялёныя» альтэрнатывы, такія як арганічная жывёлагадоўля, ня могуць пераадолець асноўную матэматыку: у нас папросту няма рэсурсаў, каб працягваць карміць сьвет прадуктамі жывёльнага паходжаньня на тым узроўні, што ён хоча (або думае што хоча).

Як дыетоляг я ведаю, што лепшы дыетычны выбар — усьвядомлены. То бок, калі чалавек добра разумее, навошта ён нешта робіць, то робіць ён гэта лёгка. Пачніце з адмовы ад мяса раз у тыдзень. Гэта — ужо велізарны крок! У якасьці матывацыі прапаную вам простую арытмэтыку. Сярэдняе агульнае спажываньне вады для вырабу 1 кг мяса складае 8600 літраў. У сярэднім мы спажываем 159 грамаў мяса на чалавека ў дзень. Памнажаем 0,159 кг на 8600 л. Артымліваем 1366 літраў вады. Такім чынам, усяго адзін дзень адмаўленьня ад мяса эканоміць 1366 літраў вады. Што скажаце на гэты конт?

Чакаю вашых камэнтараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG