Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр рэжысэр Валеры Панамароў, які экранізаваў Купалу і Быкава


Архіўнае фота. Валеры Панамароў (другі зьлева ў першым шэрагу) разам з Васілем Быкавым (у цэнтры) у рэдакцыі «Свободные новости» на 25-годзьдзе выданьня
Архіўнае фота. Валеры Панамароў (другі зьлева ў першым шэрагу) разам з Васілем Быкавым (у цэнтры) у рэдакцыі «Свободные новости» на 25-годзьдзе выданьня

Валеры Панамароў у 1990-х зьняў фільм «Тутэйшыя» паводле славутага твору Янкі Купалы і «На чорных лядах» паводле апавяданьняў Васіля Быкава.

Фільм «На чорных лядах», прысьвечаны Слуцкаму паўстаньню, адразу пасьля завяршэньня працы ў 1995 годзе быў «пакладзены на паліцу».

Валеры Панамароў нарадзіўся 27 мая 1943 году ў горадзе Юрга Кемераўскай вобласьці. У 1962 годзе скончыў у Менску Рэспубліканскія тэатральныя курсы, у 1969-м — акторскі факультэт Тэатральнага інстытуту (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). Стажыраваўся ў Леаніда Гайдая і Георгія Данэліі.

Спачатку Панамароў працаваў рэжысэрам у Купалаўскім тэатры, а пазьней перайшоў працаваць у кіно. Пачынаў як камэдыйны рэжысэр. Экранізаваў «Мудрамер», «Амністыю» Мікалая Матукоўскага. У ягоных камэдыях здымаліся Ралан Быкаў, Георгій Буркоў, Алена Санаева, Мікалай Яроменка ды іншыя вядомыя акторы.

На пачатку 1990-х зьняў два адметныя фільмы — «Тутэйшыя» (1992) і «На чорных лядах» (1995), створаныя паводле твораў Янкі Купалы і Васіля Быкава.

Фільм «На чорных лядах» быў пакладзены на паліцу. Як пісала «Народная воля», у дзень прэм’еры з ахоўнай фільматэкі кінастудыі хтосьці выкраў адзіную копію фільма...

«На чорных лядах» кінагледачам ніколі і нідзе не паказваўся, акрамя двух сэансаў у Доме літаратара ў 1995 годзе і паказу для вядучых кінакрытыкаў Расеі ў Маскве ў 1996 годзе. Зараз яго можна паглядзець у інтэрнэце.

Пасьля гэтага рэжысэр Валеры Панамароў нічога не здымаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG