Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня райвыканкаму зноў абяцае, што ў Слоніме паставяць помнік Льву Сапегу


Леў Сапега на карціне Ляілеі і Валянціна Варэцаў
Леў Сапега на карціне Ляілеі і Валянціна Варэцаў

Помнік Льву Сапегу, які ўлады абяцаюць паставіць у Слоніме больш як дзесяць гадоў, будзе ўсталяваны сёлета ў цэнтры гораду побач з тэатрам. Пра гэта заявіў журналістам старшыня Слонімскага райвыканкаму Алег Таргонскі.

Летась, у «год культуры», старшыня Слонімскага райвыканкаму Таргонскі таксама абяцаў, што помнік Льву Сапегу намаганьнямі ўладаў і ўсіх слонімцаў адкрыюць. Але гэтага ня здарылася.

Загадчыца ідэалягічнага аддзелу Слонімскага райвыканкаму Натальля Юнчыц пацьвердзіла Свабодзе, што старшыня райвыканкаму сапраўды паставіў задачу — усталяваць сёлета ў Слоніме помнік Льву Сапегу. Паводле яе, у горадзе ўжо вывучалі грамадзкую думку наконт таго, які ён павінен быць, але конкурс на праект яшчэ не праводзіўся.

— Сёньня я магу сказаць толькі тое, што старшыня выканкаму паставіў задачу, каб помнік сёлета быў усталяваны. А ён пустых слоў не гаворыць і пустых абяцаньняў не дае. Мы цяпер рыхтуемся праводзіць конкурс на праект помніка.

Скульптар Іван Міско, які сам родам са Слонімшчыны, а жыве і працуе ў Менску, сказаў Свабодзе, што 10 гадоў таму падрыхтаваў праект помніка Льву Сапегу, здымкі праекту цяпер ёсьць у Слонімскім музэі. Аднак скульптар ужо даўно зьняверыўся, што помнік Сапегу пры ягоным жыцьці зьявіцца ў Слоніме.

— Начальства толькі кажа пра гэта, але нічога насамрэч ня робіцца, бо нібыта няма грошай. І мне старшыня райвыканкаму нічога не сказаў, а вось журналістам паабяцаў. Я сказаў слонімскім чыноўнікам, што 25% аўтарскага ганарару ахвярую на помнік Льву Сапегу. Прасіў, каб яны надрукавалі пра гэта ў раённай газэце, але дагэтуль не напісана ні слова. А я хачу спрычыніцца да памяці Сапегі ў Слоніме і такім чынам. Раней нібыта быў адкрыты рахунак зьбіраць сродкі на помнік, але ніхто ня ведае, што на тым рахунку ёсьць.

Слонімец Іван Бедка заўважыў, што абяцанага ад чыноўнікаў можна чакаць столькі, колькі яны сядзяць на сваіх пасадах. Бо размовы пра ўсталяваньне помніка Льву Сапегу вядуцца ўжо больш за дзесяць гадоў, а вынікаў дагэтуль няма.

— Я перад Новым годам чытаў у слонімскай газэце інтэрвію са старшынём райвыканкаму, то ён, у прынцыпе, заявіў, што нічога лепшага ўжо ня будзе, не чакайце. Вось адсюль і выснова, што нічога добрага ад гэтае ўлады мы тут у Слоніме і не чакаем. Усё, што маглі, яны зрабілі — давялі нас да ручкі. Вось і ўсё. А таму я ня веру, што яны выканаюць чарговае абяцаньне і наконт помніка Сапегу. Няма да іх ніякага даверу.

Леў Сапега 34 гады займаў пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага. Выступіў асноўным арганізатарам стварэньня Трыбуналу ВКЛ — найвышэйшага апэляцыйнага суду краіны.

Узначаліў працу над трэцяй рэдакцыяй Статуту ВКЛ, напісаў да яго дзьве прадмовы. Надрукавалі Статут у 1588 годзе за ўласны кошт Льва Сапегі. Пры Льву Сапегу Слонім стаў значным культурным, прамысловым і палітычным асяродкам. Побач з замкам на беразе Шчары канцлер Сапега ўзьвёў мураваны палац, дзе са студзеня 1597 году праходзілі генэральныя сэймікі ВКЛ.

У слонімскім замку была багатая бібліятэка, архіў, творы мастацтва. Леў Сапега добраўпарадкаваў у Слоніме вуліцы, масты, дарогі, пабудаваў шмат аўстэрыяў. Ён адкрываў новыя кірмашы, прамысловыя мануфактуры, будаваў адміністратыўныя і гаспадарчыя будынкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG