Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольнаму арбітру Жукаву далі 5 год з канфіскацыяй за хабар


Андрэй Жукаў
Андрэй Жукаў

У судзе Цэнтральнага раёну Менску завяршылася слуханьне справы былога дырэктара дэпартамэнту судзейства і інспэктаваньня Беларускай фэдэрацыі футболу Андрэя Жукава.

Яго асудзілі на 5 год пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Падчас апошняга пасяджэньня Андрэй Жукаў цалкам прызнаў сваю віну і кампэнсаваў шкоду ў памеры 912 рублёў.

Жукаў быў затрыманы на працоўным месцы 8 чэрвеня 2016 году, прызнаў віну ў поўным абʼёме. Ён атрымліваў па 100–200 даляраў хабару за прызначэньне «правільных» судзьдзяў на гульні Першай лігі, Вышэйшай лігі і Кубка Беларусі (у тым ліку фінал, дзе «Тарпэда-БелАЗ» перамог БАТЭ па пэнальці 3:2). За прызначэньне судзьдзі на гульню «Смалявічаў» і «Смаргоні» ён атрымаў 50 рублёў (28 даляраў на той момант) і бутэльку.

Экс-футбольны арбітар, які ў БФФ сам прызначаў судзьдзяў на матчы, прызнаны вінаватым у хабарніцтве і перавышэньні ўлады. Андрэй Жукаў асуджаны да 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці і да штрафу ў 500 базавых велічынь — гэта 11 тысяч рублёў. Таксама былому арбітру забаронена цягам 5 гадоў займаць кіроўныя пасады.

Андрэй Жукаў на пытаньне карэспандэнта Свабоды пра ягонае стаўленьне да прысуду адказаў, што яшчэ ня ведае, ці будзе абскарджваць прысуд. Між тым сваякі абвінавачанага адназначна заявілі, што прысуд будзе абскарджаны.

«З такім прысудам нельга пагадзіцца», — заявіла жонка абвінавачанага Людміла.

Суд над Андрэем Жукавым праходзіў каля 2 месяцаў. У справе былога арбітра было 6 эпізодаў хабарніцтва, яго абвінавачвалі ў нанясеньні стратаў больш як на 900 рублёў.

Андрэй Жукаў віну прызнаў цалкам, але ад дачы паказаньняў адмовіўся. У апошнім слове былы футбольны арбітар выбачаўся, казаў, што падвёў кіраўніцтва Беларускай фэдэрацыі футболу, і прасіў суд паставіцца да яго паблажліва. Назіральнікі адзначылі, што прысуд, які вынесла судзьдзя Тацяна Рак, цалкам супаў з тым, што прасіла для Андрэя Жукава пракуратура.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG