Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа як узор для Лукашэнкі


Навагодні тэлезварот Аляксандра Лукашэнкі
Навагодні тэлезварот Аляксандра Лукашэнкі

На што варта зьвярнуць увагу ў навагоднім звароце кіраўніка Беларусі? Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: Перш чым перайсьці да нейкіх сутнасных заўвагаў, я хацеў бы зьвярнуць увагу на пэўныя вонкавыя атрыбуты.

Лукашэнка прамаўляў свой зварот з такім выразам твару, нібыта нехта памёр. Магчыма, кіраўніку Беларусі хацелася надаць нейкую ўрачыстасьць і сур’ёзнасьць, але ўсё ж навагодні зварот мусіць несьці нейкі аптымізм нават у вонкавым абліччы.

Цікава, што гэтую самую тэму сумнага ўражаньня працягнулі і першыя словы кіраўніка дзяржавы ў звароце. «Для некага ён быў сумным, і сумным у сувязі са стратай родных і блізкіх, хтосьці не дасягнуў жаданай мэты. У кагосьці ня склалася ў сям’і, прафэсійнай кар’еры», — пачаў Лукашэнка. Ня думаю, што абавязкова было пачынаць свой зварот менавіта з такіх словаў.

Паказальна, што ў сёлетнім навагоднім звароце Аляксандр Лукашэнка зноў назваў Беларусь «астраўком стабільнасьці і спакою». Назіральнікі ўжо высьветлілі, што ўпершыню Лукашэнка назваў краіну «астраўком стабільнасьці» таксама ў навагоднім звароце да 2006 году. З таго часу кіраўнік Беларусі неаднаразова зьвяртаецца да гэтай мэтафары, але менавіта ў сёньняшняй сытуацыі яна выглядае найбольш недарэчна і не стасуецца з рэальнасьцю.

Бо менавіта Беларусь уяўляе сабой астравок эканамічнай нестабільнасьці, беларуская эканоміка падае, дабрабыт падае — у тым часе, калі ў суседзяў Беларусі на Захадзе назіраецца эканамічны рост. Але Лукашэнка, як заўсёды, віну бачыць толькі за межамі. «Сувэрэнная і незалежная Беларусь апынулася ў эпіцэнтры сусьветных геапалітычных і эканамічных падзей. Мы жывём у адкрытай краіне і перш за ўсё таму зрабіліся закладнікамі той эканамічнай сытуацыі, якая склалася ў нашых традыцыйных эканамічных партнэраў», — адзначыў ён.

Сумняваюся, што гэтая спасылка на замежныя прычыны і далей працуе на большасьць беларускіх грамадзянаў, якія бачаць, што калі дзе і ёсьць крызіс, то толькі ў Беларусі і Расеі.

Дракахруст: Сёлета я паглядзеў навагоднія выступы ня толькі кіраўніка Беларусі, але і Ўкраіны Пятра Парашэнкі і Расеі Ўладзіміра Пуціна. Варта сказаць, што настрой ва ўсіх трох лідэраў быў прыкладна аднолькавы — усе былі даволі сумныя, усе казалі пра страты.

Расея і Ўкраіна фактычна вядуць вайну, Расея нават дзьве, таму ў іх кіраўнікоў сум быў небеспадстаўны. Магчыма, і беларускі кіраўнік адчувае сябе ў пэўным сэнсе на вайне. Ён падчас сваёй прамовы сказаў «разам з тым мы, людзі ў пагонах, ведаем: порах трэба трымаць сухім»

Гэта прагучала крыху дзіўна — ну які ён чалавек у пагонах? З вуснаў Парашэнкі і Пуціна гэта прагучала б больш абгрунтавана. Але яны ад гэткіх самавызначэньняў устрымаліся.

Хаця падобная формула ў Лукашэнкі, напэўна, перадае ягоны настрой на 2017 год. Вайна-не вайна, але што наперадзе вялікія выпрабаваньні, што на асаблівыя падарункі лёсу ён ня надта разьлічвае.

Яшчэ ўразіла ў яго прамове, хаця і гэта сказана не ўпершыню, «з кожным годам Беларусь набывае ўсё больш сучаснае эўрапейскае аблічча».

Цікавы прыметнік «эўрапейскае» як сынонім ідэалу, узору. Беларусь можа сябраваць з Расеяй, нехта можа казаць «мы — русскіе», заляцацца да Кітаю, але менавіта Эўропа — ідэал, узор для ўсіх беларусаў, у тым ліку і для Лукашэнкі.

Ніхто ў Беларусі ня скажа — «Беларусь набывае ўсе больш сучаснае расейскае (альбо кітайскае) аблічча». І пры тым, што не такія кепскія краіны. Прынамсі, далёка не для ўсіх кепскія. Але нават для тых, хто лічыць іх добрымі краінамі, яны — ня ўзор, ня прыклад, не ідэал. Для ўсіх.

Карбалевіч: У выступе Лукашэнкі было некалькі апорных пунктаў.

Ужо шмат гадоў беларускія ўлады выкарыстоўваюць канцэпт стабільнасьці, канструкт, вобраз Беларусі як выспы стабільнасьці і спакою. Падзеі ў сьвеце апошніх гадоў, асабліва ўкраінскі крызіс, надалі гэтай ідэалягеме новае жыцьцё. І хоць Украіна паступова зыходзіць з масавай сьвядомасьці беларусаў, аднак асаблівасьці інфармацыйных плыняў, якія акцэнтуюць увагу на нейкіх трагічных падзеях (тэракт, катастрофа або падпал машынаў у Францыі) дазваляюць па-ранейшаму эксплюатаваць гэтую ідэю. Невыпадкова Лукашэнка падкрэсьліў, што захаваць Беларусь выспай стабільнасьці было няпроста.

Другі момант. Лукашэнка элегантна абышоў тэму эканамічных правалаў. Згадаў толькі тое, што «мы зрабіліся закладнікамі той эканамічнай сытуацыі, якая склалася ў нашых традыцыйных эканамічных партнэраў». То бок, зноў вінаваты вонкавыя абставіны.

Лукашэнка эксплюатуе асаблівасьці чалавечай псыхалёгіі, якая імкнецца памятаць больш станоўчае, чым адмоўнае ў мінулым, у прыватнасьці ў мінулым годзе. І пад Новы год усе мараць пра лепшае. Асабліва пад шампанскае. І тэза Лукашэнкі — «Але ўпэўнены: для большасьці год быў радасным і шчасьлівым» — трапляе ў фокус навагодніх настрояў. Нікому ня хочацца думаць пра дрэннае.

Таму менавіта пад Новы год, калі нават дарослыя чакаюць нейкіх падарункаў ад Дзеда Мароза, ня рэжуць вуха ні на чым не заснаваныя абяцаньні: 2017 год «мае стаць пераломным і даць магутны імпульс для разьвіцьця краіны»; «чаго б нам ні каштавала, мы ўжо ў надыходзячым годзе істотна павысім даходы грамадзянаў».

Людзі гэта ўспрымаюць як навагоднія пажаданьні, якія яны самі робяць шмат разоў у гэтым часе, віншуючы са сьвятам сваіх родных і сяброў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG