Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплывае на амэрыканска-расейскія дачыненьні высылка расейскіх дыпляматаў з ЗША?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Злучаныя Штаты высылаюць з краіны 35 расейскіх дыпляматаў. Адпаведную заяву прэзыдэнта ЗША Барака Абамы распаўсюдзіла прэс-служба Белага дому. Паводле заявы, захады былі прынятыя пасьля шматлікіх прыватных і публічных папярэджаньняў на адрас расейскага ўраду і неабходныя як адказ на расейскія спробы «нанесьці шкоду інтарэсам ЗША ў парушэньне прызнаных міжнародных нормаў паводзінаў».

Гісторыя гэтая працягваецца яшчэ з амэрыканскіх прэзыдэнцкіх выбараў, якія адбываліся ў лістападзе і падчас якіх прагучала многа меркаваньняў, тады яшчэ не пацьверджаных, што расейскія хакеры спрабавалі ўмяшацца ў хаду гэтых выбараў. Яны нібыта ўскрылі перапіску ўнутры дэмакратычнай партыі, і гэта нанесла шкоду аўтарытэту і, магчыма, рэйтынгу кандыдаткі Гілары Клінтан.

«Крадзеж дадзеных і іх публікацыя маглі праводзіцца толькі на загад найвышэйшага эшалёну расейскай улады. Больш за тое, нашы дыпляматы ў Маскве цягам апошняга году сталі абʼектам беспрэцэдэнтнага ціску з боку службаў бясьпекі і паліцыі. Падобныя акцыі будуць мець наступствы», — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта ЗША.

Паводле распараджэньня прэзыдэнта, дзьве расейскія ўстановы ў Мэрылэндзе і Нью-Ёрку будуць зачыненыя. Улады ЗША заявілі, што яны выкарыстоўваюцца ў выведных мэтах. Грамадзяне Расеі будуць высланыя з Вашынгтону і Сан-Францыска цягам 72 гадзінаў.

Акрамя таго, Міністэрства фінансаў ЗША абвясьціла аб увядзеньні новых санкцыяў супраць Расеі за хакерскія напады, накіраваныя на ўмяшаньне ў выбары амэрыканскага прэзыдэнта. Абмежавальныя захады закрануць Фэдэральную службы бясьпекі і Галоўнае выведнае ўпраўленьне Ўзброеных сілаў Расеі.

Як гэта паўплывае на амэрыканска-расейскія дачыненьні? Відавочна, сёньня яны ў найніжэйшай стадыі з часоў развалу СССР і атрыманьня Расеяй незалежнасьці. Ніколі пасьля 1991 году амэрыканска-расейскія стасункі не былі на такім нэгатыўным роўні.

Расейскія ўлады, у сваю чаргу, загадалі зачыніць англа-амэрыканскую школу ў Маскве і дом адпачынку ў прыгарадзе расейскай сталіцы ў адказ на новыя санкцыі ЗША.

Думаю, Расея будзе чакаць афіцыйнага ўступленьня на пасаду новага прэзыдэнта Дональда Трампа. Гэты аспэкт відавочны, Абама вырашыў зрабіць у апошнія тыдні свайго прэзыдэнцтва такія крокі, якія цяжка будзе адмяніць новаму прэзыдэнту ЗША. Абама мае нейкія перасьцярогі, што Трамп можа скасаваць усю палітыку старой адміністрацыі стасоўна Расеі, і таму зрабіў дастаткова радыкальныя і рашучыя крокі, каб стварыць пэўныя ўмовы для новага прэзыдэнта ЗША.

У кожным разе гэта было невыпадковае рашэньне, неабходнасьць такіх крокаў абвяшчалася даволі даўно, пасьля выбараў, і абедзьве краіны ідуць у кірунку эскаляцыі адносінаў. Ці можа гэта зьмяніць новая адміністрацыя Дональда Трампа — пытаньне адкрытае, яно зазначае мяжу паміж асабістым жаданьнем Трампа і аб’ектыўнай рэальнасьцю. Рэальнасьць такая, што пры любой адміністрацыі ЗША цяперашняя палітыка Расеі будзе выклікаць непрыняцьце з боку Вашынгтону. Магчыма, Дональд Трамп першы месяц сапраўды паспрабуе знайсьці нейкую агульную мову з Пуціным, як і Абама, шукаць «перазагрузку». Але цяперашняя палітыка Расеі безумоўна нясе пагрозы нацыянальным інтарэсам ЗША, і калі яна такою застанецца, няма ніякіх падставаў меркаваць, што расейска-амэрыканскія дачыненьні могуць палепшыцца.

Глод: Я ўжо паглядзеў камэнтар новаабранага прэзыдэнта ЗША што да санкцыяў. Ён кароткі. «Прыйшоў час для нашай краіны перайсьці да вялікіх і лепшых рэчаў, — гаворыцца ў заяве Трампа. — Тым ня менш у інтарэсах нашай краіны і яе вялікага народу я сустрэнуся зь лідэрамі выведнай супольнасьці на наступным тыдні, каб атрымаць новую інфармацыю аб гэтай сытуацыі».

Раней Трамп скептычна ставіўся да дакладаў амэрыканскіх спэцслужбаў аб умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкія выбары ў ЗША шляхам узлому сэрвэраў. І тут яго можна зразумець. Прызнаць умяшаньне значыць паставіць пад сумнеў сваю перамогу на выбарах. Гэтага Трамп ніяк зрабіць ня мог. Аднак цяпер Трампу будзе вельмі няёмка адмяняць абмежавальныя захады Абамы — у такім выпадку стане відавочна, што Расея ня проста ўмешвалася ў выбарчую кампанію, але ўмешвалася менавіта на баку Трампа.

Дарэчы, зьвярну вашу ўвагу, калегі, што Барак Абама выслаў расейскіх дыпляматаў сваім указам. Але ж экспэрты кажуць, што ён можа пайсьці і далей. А менавіта ўнесьці у Кангрэс адпаведны законапраект. А тут існуе як бы двайная пагроза. Па-першае, санкцыі Кангрэсу больш выразныя і тычацца большай сфэры. Па-другое, цікава будзе паглядзець, што адбудзецца ў Кангрэсе. Напрыклад, як будуць паводзіць сябе Джон Маккейн ды іншыя сэнатары-рэспубліканцы, чыя нелюбоў да Крамля добра вядомая.

А што могуць зрабіць у адказ кіраўнікі Расеі? Расейскі палітоляг Дзьмітрый Арэшкін у інтэрвію Свабодзе разважае так:

«У якасьці рэакцыі на падзею Крэмль пачне тое, што называюць „закручваньнем гаек“. Узмоцніцца ціск на „замежных агентаў“ — праваабаронцаў, незалежных журналістаў, апазыцыйных актывістаў. Для Пуціна гэта ня проста магчымасьць распачаць чарговую хвалю антыамэрыканскай рыторыкі, але нагода апусьціць жалезную інфармацыйную заслону».

Карбалевіч: Я згодзен з калегамі, што адміністрацыя Абамы перад сваім сыходам зь Белага дому імкнецца збудаваць такія рамкі ў амэрыканска-расейскіх дачыненьнях, у якіх павінна будзе дзейнічаць новая рэспубліканская адміністрацыя Дональда Трампа. І такія рамкі ліхаманкава ствараюцца, каб паставіць Трампа ў нязручнае становішча. Калі Трамп пачне адмяняць гэтыя рашэньні Абамы, то яго пачнуць вінаваціць ці ў сыматыях да Расеі, ці нават у супрацоўніцтве з Масквою. Міжпартыйная барацьба пачынае ўплываць на замежную палітыку ЗША.

Хачу нагадаць, што Кангрэс рыхтуе новыя санкцыі супраць Расеі, якія могуць аказацца больш балючымі для Масквы.

А Расея робіць крокі ў адказ. Узьнікае новая хваля супрацьстаяньня. У нечым, магчыма, гэтая сытуацыя выгодная рэжыму Пуціна, бо стварае вобраз крэпасьці ў аблозе^; цяпер можна заціскаць сытуацыю і ўнутры краіны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG