Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Здаў сваіх ці адхрысьціўся ад чужых?


Аляксандр Сурыкаў
Аляксандр Сурыкаў

Чаму расейскі амбасадар Сурыкаў не заступіўся за аўтараў расейскага сайту «Рэгнум», якіх арыштавалі беларускія ўлады?

Удзельнікі: Алег Грузьдзіловіч, Сяргей Навумчык, Віталь Цыганкоў

Грузьдзіловіч: Два тыдні таму ў Беларусі быў затрыманы выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі, дацэнт Юрый Паўлавец, які пісаў артыкулы на сайце «Рэгнум», вядомым сваёй прарасейскай, антыбеларускай пазыцыяй. Праз два дні стала вядома пра арышт ў Берасьці другога аўтара «Рэгнума» — Дзьмітрыя Алімкіна. Трэцім з затрыманых «рэгнумцаў» стаў былы выкладчык Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Сяргей Шыптэнка, таксама актыўны прыхільнік «рускага сьвету», мяркуючы паводле ягоных артыкулаў на «Рэгнуме».

Сьледчы камітэт праз два дні пасьля затрыманьня Паўлаўца і Алімкіна паведаміў, што яны падазраюцца ў злачынстве, якое завецца распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці. Калі затрымалі Шыптэнку пра яго сказалі тое самае і дадалі пасаж пра замову і грошы. Сьмешна! Быццам журналіст мусіць працаваць задарма, а інакш ён ужо прадажны.

Мінула два тыдні. Заўважу, што паводле юрыдычных нормаў за гэты час падазраваным мусяць выставіць афіцыйнае абвінавачанае, падпісанае пракурорам, альбо адпусьціць іх дамоў. Нічога гэтага не адбылося. З абвінавачаньнем, відаць, не атрымліваецца. Ва ўсякім разе ў СК пра выстаўленьне абвінавачаньня ўжо тыдзень маўчаць. Адмыслова праглядзеў артыкулы, праз якія Паўлавец, Алімкін і Шыптэнка нібыта рабілі сваю гэтак званую «чорную справу». Так, яны вельмі крытычныя ня толькі да Лукашэнкі і ягоных міністраў, але і да Беларусі цалкам, ў прыватнасьці, да беларускай мовы. Так, мне асабіста выказваньні Алімкіна пра «недадазяржаву», разважаньні пра нібыта «непатрэбную мову» крыўдныя, з гэтым гатовы спрачацца. Але — гэта іх меркаваньні. Хіба ёсьць выказваньне меркаваньняў распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці? Для мяне адказ відавочны, што не.

Некаторыя кіраўнікі Беларусі, магчыма і Лукашэнка таксама, цяпер вось старанна прааналізавалі матэрыялы затрыманых журналістаў «Рэгнума».

Падазраю, што ўсё ж некаторыя кіраўнікі Беларусі, магчыма і Лукашэнка таксама, цяпер вось старанна прааналізавалі матэрыялы затрыманых журналістаў «Рэгнума», і гэтак сама са зьдзіўленьне паднялі вочы на сілавікоў у пытаньні. Ну і што? Затрымалі — а што цяпер зь імі рабіць? Судзіць, як блогера Эдуарда Пальчыса? Каб зноў справа ў судзе відавочна рассыпалася і ўсім стала бачна, адкуль тырчаць вушы?

Паўза зацягнулася. Ня думаю, што беларускія ўлады адмыслова чакалі — а што пра «рэгнумцаў» скажа расейскі пасол Аляксандр Сурыкаў? — але ягоныя ўчорашнія выказваньні на адрас «рэгнумцаў» можна успрымаць як пэўную адмашку далейшага дэманстрацыйнага перасьледу асабліва ярых прыхільнікаў «рускага сьвету».

Сыходжу з наступных словаў Сурыкава. «Тут ёсьць дысгармонія ў пытаньнях свабоды слова — прызнаў пасол на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі — Але ёсьць і пытаньне радыкалізму, разбурэньня міждзяржаўнай і братэрскай дружбы».

Заўважу, што дыплямат відавочна супярэчыць сам сабе. Калі заўважыў дысгармонію ў пытаньнях свабоды слова, дык варта засумнявацца і ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці, якую нібыта знайшлі сьледчыя. Таму нездарма Сурыкаў пераводзіць размову на іншую тэму — кажа пра пагрозу разбурэньня міждзяржаўнай і брацкай дружбы, што сапраўды ёсьць важнай, але, як кажуць, вечнай праблемай. У выніку Сурыкаў абараняе ці адхрышчваецца ад прыхільнікаў «рускага сьвету» з «Рэгнума»?

Каб зразумець, прапаную зьвярнуць ўвагу на наступную цытату пасла: «Вельмі моцна сумняваемся, — сказаў Сурыкаў ужо як бы ня толькі ад сябе, але і ад імя Расеі, якую прадстаўляе — «што гэтыя людзі — сапраўдныя патрыёты краіны, у якой жывуць і зьяўляюцца яе грамадзянамі. Бо такія фармулёўкі, як „недадзяржава“, „неданарод“, не ўпрыгожваюць ніякага грамадзяніна, у тым ліку і журналіста краіны».

То бок пасол відавочна маральна асудзіў аўтараў «Рэгнума» і даў ясны адказ на пытаньне, ці будзе далей іх падтрымліваць — не, ня будзе.

Калі будзе загад, дык наваляцца ўсе разам і забудуць пра свабоду слова, як ў канфлікце з Украінай.

Чаму? У мяне адказ на гэтае пытаньне даволі просты: яшчэ не прыйшоў час. Калі будзе загад, калі паўстане перад дыпляматам, перад усёй прапагандысцкай машынай Расеі задача падрыхтаваць глебу для інкарпарацыі Беларусі, дык наваляцца ўсе разам і забудуць пра свабоду слова, як ў канфлікце з Украінай. Зьявяцца і ўкрыжаваныя хлопчыкі, і пра фашыстаў-калябарантаў згадаюць. Але пакуль такая задача не на парадку дня, дык і ад карэспандэнтаў «Рэгнума» можна адхрысьціцца. Аднак гэта зусім не азначае, што сайты, падобныя да «Рэгнума», які базуецца ў Маскве, застануцца без фінансавай ды іншай падтрымкі.

Для мяне больш важна, што беларуская дзяржава акрамя як па-сутнасьці незаконнымі арыштамі нічым іншым не зьбіраецца адказаць на прапагандысцкія наскокі з усходу. Тыя кажуць, што Беларусь — недадзяражва, дык пакажыце сваю самастойнасьць. Кажуць, што беларуская мова нікому не патрэбная — адчыніце нарэшце беларускамоўны ўнівэрсытэт. Толькі мы бачым, што замест такога адказу зноў адчыняюцца камэры «амэрыканкі» — гэта ганебна і неэфэктыўна.

У дадзеным выпадку праваахоўныя органы Беларусі спрацавалі ў адпаведнасьці з заканадаўствам.

Навумчык: Сапраўды, дзеяньні кіраўніцтва Беларусі ў справе доказу таго, што Беларусь гэта паўнавартасная дзяржава, якія абмяжоўваюцца толькі арыштам нейкіх аўтараў публікацый, зусім неадэкватныя. Можна бясконца пералічваць тое, што за 22 гады кіраўніцтва Беларусі не зрабіла альбо зрабіла наадварот. Я не пагадзіўся б, Алег, толькі з выразам «незаконны арышт», які, як я разумею, вынікае з вашай папярэдняй тэзы, што меркаваньне ня можа быць распальваньнем міжнацыянальнай варожасьці. Ну а што тады можа ім быць? Фізычнае спаленьне нейкіх культурных цэнтраў, беларускіх, польскіх, габрэйскіх, расейскіх? Якраз-такі не. Напрыклад, у Нямеччыне выказваньне меркаваньня — усяго толькі меркаваньня — што ідэі, выкладзеныя ў «Mein Kampf» Гітлера слушныя — адразу артыкул крымінальнага кодэксу. Кожная краіна абараняецца па-свойму, у кожнай свае законы, канстытуцыйныя нормы. У дадзеным выпадку праваахоўныя органы Беларусі спрацавалі ў адпаведнасьці з заканадаўствам. Іншая справа, што насамрэч гэта вельмі абмежаваныя дзеяньні, калі мы гаворым пра абарону дзяржаўнасьці.

Але цалкам згодны, што калі будзе «адмашка» з Крамля, дык ня будзе ніякага значэньня мець для Крамля, грамадзяне яны Расеі ці не, бо Крэмль апошнія гады абараняе «рускі мір» па ўсёй тэрыторыі былога СССР і абарона правоў так званага рускамоўнага насельніцтва ідзе незалежна ад таго, што ў абсалютнай большасьці выпадкаў гэтае насельніцтва, якое жыве ў былых савецкіх рэспубліках, ня мае расейскага грамадзянства.

Цыганкоў: Мне ўвогуле цікава, што нехта спадзяваўся, што Расея так ці інакш будзе абараняць гэтых публіцыстаў-грамадзянаў Беларусі. Для пасла Сурыкава і для ўмоўных Масквы і Крамля галоўнае тут — дзяржаўны інтарэс і адносіны з Беларусьсю, і гэтыя публіцысты ўспрымаюцца і імі, і мной, і з пункту гледжаньня беларускіх праваахоўных органаў як апанэнты і праціўнікі перш за ўсё Аляксандра Лукашэнкі. Яны пра яго пісалі кепскія рэчы.

Іншым публіцыстам дазваляюцца і ў Беларусі, і ў Расеі значна больш моцныя рэчы наконт беларускай дзяржаўнасьці.

Іншым публіцыстам дазваляюцца і ў Беларусі, і ў Расеі значна больш моцныя рэчы наконт беларускай дзяржаўнасьці. А тут супалі такія чыньнікі, і перш за ўсё тое, што Аляксандар Лукашэнка арыштоўвае не ворагаў беларускай незалежнасьці, а сваіх.

Нагадаем, на якім фоне гэта адбывалася. Што адбываецца ў Казахстане — там ужо не адзін, а некалькі выпадкаў, калі казахская ўлада ня проста арыштоўвае, а ўжо канкрэтна саджае на гады зьняволеньня тых, хто выступае супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Казахстану. І што паказальна, гэтыя людзі бываюць часьцей за ўсё рускага паходжаньня, гэта не этнічныя казахі. Але Расея маўчыць. Калі нейкія публіцысты вакол «Рэгнума» могуць выказвацца, то Крэмль не рэагуе. І безумоўна Аляксандар Лукашэнка ўлічваў гэта, калі прымаў рашэньне па гэтым затрыманьні.

Увогуле правы канкрэтных беларускіх грамадзянаў Сурыкава як пасла і ўвогуле Расею менш за ўсё цікавяць. Ніколі не было за апошнія 16 гадоў пры Пуціне (пры Ельцыне былі такія выпадкі), каб Расею цікавілі праблемы правоў чалавека ці свабоды слова ў Беларусі.

Іх хвалюе ня тое, што некалькі чалавек напісала кепска пра Лукашэнку, а тыя крокі, якіх мы і хацелі б чакаць ад беларускай улады па абароне незалежнасьці.

Калі б гэта адбылося, то выглядала б на фоне ўсёй гісторыі апошніх гадоў не проста непраўдападобна, а нават сьмешна. Расея заўсёды падтрымлівае аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі, а не нейкія правы грамадзянаў. Калі сапраўды ўжо паўстане пытаньне пра правы рускамоўных, дык Расея ўспрымае гэта трохі па-іншаму — іх хвалюе ня тое, што некалькі чалавек напісала кепска пра Лукашэнку, а тыя крокі, якіх мы і хацелі б чакаць ад беларускай улады па абароне незалежнасьці, а менавіта ў культурнай, моўнай сфэрах, у адукацыі.

Каб у школе была не руская літаратура, а як ва ўсіх краінах сусьветная, каб быў беларускамоўны унівэрсытэт, беларусізацыя ну і іншыя дзеяньні, якія б краналі нават такія рэчы як ваенна-стратэгічныя ды іншыя. Вось гэта была б рэальная абарона незалежнасьці, а не затрымка некаторых публіцыстаў, якім дастаткова было б пазваніць з КДБ, і яны б ўжо ні радка не напісалі. Але ніхто гэтага не хацеў — хацелі гучнага затрыманьня, гэта трэба Аляксандру Лукашэнку не для абароны незалежнасьці, а з сваіх палітычных прычынаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG