Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнікам службы бясьпекі Лукашэнкі прызначаны «чалавек з жалезнай выканальнасьцю»


Начальнікам службы бясьпекі прэзыдэнта Беларусі (СБП) прызначаны Андрэй Паўлючэнка. Адпаведнае рашэньне Аляксандр Лукашэнка прыняў 21 сьнежня, паведамляе прэсавая служба кіраўніка дзяржавы.

Да гэтага прызначэньня Паўлючэнка працаваў на пасадзе начальніка ўпраўленьня СБП, паведамляе БелаПАН.

Пры прызначэньні Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што Паўлючэнка зьяўляецца чалавекам дасьведчаным, яму ўласьцівая жалезная выканаўчасьць. «Тут трэба браць прыклад. У нас гэтага не хапае ня столькі ў службе бясьпекі, колькі ў іншых падразьдзяленьнях», — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, выканаўчасьць у цэлым зьяўляецца важнай якасьцю, якая павінна быць уласьціва стылю працы любога кіраўніка, ня толькі ў сілавых структурах. Што да працы службы бясьпекі прэзыдэнта, то, як падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы, у гэтым пытаньні не павінна быць ніякіх празьмернасьцяў, асабліва падчас публічных мерапрыемстваў.

«Калі вы пачынаеце дзесьці людзей залішне адштурхоўваць — зразумела, ахова, бясьпека, — але трэба ведаць, што кожны чалавек хоча бачыць свайго прэзыдэнта. Трэба знаходзіць гэтую сярэдзіну, вельмі акуратна, прафэсійна працаваць. Служба навучылася гэта рабіць», — лічыць Лукашэнка.

З кастрычніка 2014 году па сёньняшні дзень пасаду начальніка СБП займаў Віктар Шынкевіч.

Паўлючэнка — дванаццаты кіраўнік службы бясьпекі прэзыдэнта за 22 гады кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі. Раней гэтую пасаду займалі Вячаслаў Каралёў, Юры Бародзіч, Уладзімер Кужанаў, Уладзімер Навумаў, Леанід Ерын, Генадзь Нявыглас, Уладзімер Клімаў, Яўген Двярніцкі, Юрый Жадобін, Андрэй Уцюрын і Віктар Шынкевіч.

Для многіх кіраўнікоў, такіх як Леанід Ерын, Генадзь Нявыглас, Уладзімер Навумаў, Юрый Жадобін і Андрэй Уцюрын, пасада кіраўніка службы бясьпекі прэзыдэнта стала прыступкай да больш высокай пасады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG