Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выканае Аляксандар Лукашэнка абяцаньне не кашмарыць бізнэс праверкамі?


Цыганкоў: У чацьвер, разглядаючы кадравае пытаньне, Аляксандар Лукашэнка паабяцаў прыняць радыкальныя меры, каб выкараніць залішнія праверкі суб’ектаў гаспадараньня. Размова, у прыватнасьці, вялася пра неабходнасьць далейшай працы дзеля дэбюракратызацыі і дзеля таго, каб прыбраць залішні ціск на вытворчасьць і бізнэс.

Аляксандар Лукашэнка таксама адзначыў, што, як яму дакладаюць, пры цяперашніх нормах і патрабаваньнях — напрыклад, у галіне санітарыі і пажарнага нагляду — часам вельмі цяжка проста пачаць бізнэс.

«Таму, хутчэй за ўсё, мы прымем рашэньне на ўсім паставіць крыж і ўвесьці толькі тыя нормы па гэтых кірунках, якія патрэбныя. Адкрываецца новае прадпрыемства — прыйшлі пажарныя, праверылі, падпісаліся, і больш там рабіць няма чаго. Ня трэба туды больш хадзіць. Калі, ня дай божа, нешта здарыцца — мы прыцягнем да адказнасьці кіраўнікоў», — сказаў ён.

Выглядае, што гэта вельмі лібэральны падыход, які пануе ва ўсіх эўрапейскіх краінах, вельмі патрэбны і своечасовы. Гэта тое, чаго ўвесь час ад улады патрабуе беларускі бізнэс і прадпрымальніцтва. Зарэгістравалі, правялі праверку — далей самі прадпрымальнікі нясуць адказнасьць за свой бізнэс.

Але колькі мы сябе памятаем, мы чуем такія заявы. Гэта паўтараецца раз на некалькі гадоў. Часам гэта абмяжоўваецца словамі, а часам нават рабіліся пэўныя захады, выходзілі пастановы, ажыцьцяўляліся, і празь некалькі гадоў Лукашэнка вяртаўся да гэтай тэмы і заяўляў, што колькі можна кашмарыць бізнэс, зноў колькасьць праверак перашкаджае працаваць.

Чаму так адбываецца? Надта шмат саміх правяральнікаў. У Беларусі як нідзе існуе вялікая колькасьць такіх структур, якія часта нават паводле функцыяў дублююць адна адну. Гэтыя структуры павінны чымсьці займацца, знаходзіць парушэньні, а пры даволі складаным беларускім заканадаўстве гэта даволі лёгка. У пэнітэнцыярных установах, паводле розных ацэнак, ад 30 да 50% сядзяць за так званыя эканамічныя злачынствы.

Грамадзтва разумее — паўсюль крадуць, трэба правяраць.

Другое — атмасфэра, якая складаецца ў грамадзтве дзякуючы тым жа самым заявам прадстаўнікоў улады. Гэта атмасфэра недаверу да бізнэсу і кантролю за ім. Мы чулі выказваньні кіраўніка дзяржавы, які назваў прадпрымальнікаў «вашывымі блохамі», ведаем выпадкі, калі садзілі прадпрымальнікаў самага высокага ўзроўню. Грамадзтва разумее — паўсюль крадуць, трэба правяраць.

Толькі пры скасаваньні гэтых дзьвюх умоваў можна будзе лічыць, што чарговая спроба абмежаваць праверкі можа скончыцца нейкім рэальным вынікам.

Грузьдзіловіч: Магу цалкам пагадзіцца: заклінаньні, што больш ня будзе ніякіх праверак, будзе пакладзеная ім мяжа — такія заклінаньні мы чуем даўно, але яны нічога не даюць і таму зноў паўтараюцца. Але я не зусім згодны, што прычына толькі ў тым, што тут такая створаная атмасфэра, што вельмі шмат правяральных органаў, якім трэба працаваць.

Я б паглядзеў на сытуацыю гэтак, што структурна беларуская эканоміка на сёньня прыкладна на 80% дзяржаўная эканоміка, і толькі на 20% — прыватная. Кіраваць дзяржаўнай эканомікай пры яе дамінуючай ролі, інакш як праз адміністрацыйныя мэханізмы, немагчыма. І таму гэта прычына, што так шмат у нас правяральных органаў.

Тым больш гэта ідзе яшчэ ад Савецкага Саюзу, ад мэнталітэту нашых грамадзянаў, бо паўсюль крадуць.

Гэта ідзе яшчэ ад Савецкага Саюзу, ад мэнталітэту нашых грамадзянаў, бо паўсюль крадуць.

Але каб зьмяніць гэта ўсё, трэба мяняць найперш структуру. Калі б было наадварот, 10–15% прадпрыемстваў дзяржаўнага сэктару, а астатнія прыватныя, то і ў Лукашэнкі былі б зусім іншыя погляды на правяральнікаў і зусім іншыя заклікі.

І ня трэба было б тады абяцаць, што спыняць усе гэтыя праверкі. Можа, праверкі трэба было б і павялічыць, бо трэба гэта таксама пільнаваць, асабліва на першай стадыі стварэньня.

Цяпер мы маем такую сытуацыю, калі адзін прыходзіць правяральнік, другі, трэці. І тут Лукашэнка падобны да той удавы, якая сама сябе высьцебала, бо спачатку стварыў такую сыстэму, а потым кажа: вы так правяраеце, што не даяце працаваць гэтым няшчасным бізнэсмэнам!

Трэба сапраўды рабіць іншае: праводзіць прыватызацыю прадпрыемстваў, пэўныя эканамічныя рэформы. А гэта ў нас даўно застопарылася, альбо толькі імітуецца, што нешта мяняецца ў лепшы бок.

Нядаўна даведаўся, што ў Аўстраліі аўтамабілісты ўвогуле не праходзяць тэхнічны агляд. Здавалася б, чаму? Усе ж зацікаўленыя, каб езьдзілі спраўныя аўтамабілі. Але гэта ўсё аддадзена на волю самога кіроўцы, ён нясе цалкам адказнасьць за свой аўтамабіль, калі нешта здараецца зь ягонай віны. Лукашэнка, у прынцыпе, правільна казаў, што прыйшлі б адзін раз паглядзелі кантралёры, тыя ж пажарныя, а далей ваша адказнасьць. Трэба такі прынцып уводзіць! Але ня толькі ў эканоміцы. Гэта трэба рабіць і вось з тэхаглядам, зь безьліччу іншага. Мы гаварылі пра Міністэрства адукацыі — паглядзіце інтэрнэт, там поўна камэнтароў пра тое, што навошта ўвогуле міністэрства адукацыі? Дастаткова нейкіх структураў, якія будуць кантраляваць выдачу ліцэнзіяў, падрыхтоўку мэтадычных дакумэнтаў, А ў нас міністэрства адукацыі даўно ператварылася ў вялікі кантрольны орган. Любое наша міністэрства, якое ні вазьмі — гэта найперш кантрольныя органы. А толькі потым тыя, хто дапамагае, стварае мэтадычна-навуковую базу і г.д.

Карбалевіч: Праблема сыстэмная. Калі зьменшыць праверкі, то ўзьнікае натуральнае пытаньне: чым будзе займацца мноства кантрольных органаў? Гэта і падатковыя інспэкцыі, і Камітэт дзяржаўнага кантролю, і праваахоўныя органы ад КДБ да міліцыі і Сьледчага камітэту. Сядзець бяз працы? Трэба скарачаць іх колькасьць, іх функцыі, таксама колькасьць іх супрацоўнікаў. Бяз гэтага ўсе размовы пра скарачэньне праверак марныя.

Калі зьменшыць праверкі, то чым будзе займацца мноства кантрольных органаў?

Правільна адзначана, што гэтыя абяцаньні і захады Лукашэнка робіць не ўпершыню. Ужо колькі разоў былі і загады, і пастановы, і адпаведныя заканадаўчыя акты. Але мала што зьмянілася. І вось чарговым разам зноў узьнікае гэтая праблема. Бо сама беларуская сацыяльная мадэль запраграмаваная на гэта. Бо без інстытуту кантралёра патэрналісцкая дзяржава зь вялізным дзяржаўным сэктарам, з ручным кіраваньнем існаваць ня можа. Таму бязь зьмены мадэлі гэтая праблема невырашальная.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG