Добры вечар! Ні дня без суда. У Горадні, за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, аштрафавалі Сяргея Верамеенку на 315 рублёў, Віктара Сазонава на 735 рублёў, Уладзімера Хільмановіча — на 840 рублёў. Што ж, і такім чынам можна павышаць сярэднюю зарплату ў судова-міліцэйскім бюджэтным сэктары ў прыватнасьці і па краіне ў агульнасьці.
КАБ НЕ ЗАБЫЛІ ПРА КАМУНІЗМ. Міністрам адукацыі Беларусі прызначаны Ігар Карпенка, раней ён быў намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму. Ігар Карпенка — лідэр праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі. «Прызначэньне камуніста Ігара Карпенкі на пасаду міністра адукацыі ставіць пад вялікі сумнеў спадзяваньні тых, хто думаў, што наступае нейкае пацяпленьне і лібэралізацыя, наладжваньне стасункаў з Захадам», – пракамэнтаваў назначэньне дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас.
ПАДТРЫМКА АД ДУШЫ. «Больш, чым мы, адкрыта і сумленна, ад душы, не запабягаючы перад імі, ніхто Трампа не падтрымліваў», – сказаў кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка.
ІЛЮЗОРНЫ ДЭМАН. «Вы ведаеце, аблічча Ярмошынай у значнай ступені дэманізавана. Як і шмат хто з адказных жанчын савецкага пакаленьня, я ўсё цягну на сабе, лічачы, што астатнім будзе цяжка і яны ня ўправяцца. Пры гэтым ствараецца ілюзія, што і ўсе рашэньні прымаю таксама я, а некаторыя ініцыятывы дэспатычна не дапускаю на грамадзкае абмеркаваньне», — заявіла Лідзія Ярмошына.
«ТУТЭЙШЫЯ» ПАСЬВЯТКАВАЛІ. Аб’яднаньне маладых літаратараў «Тутэйшыя» адсьвяткавала сваё 30-годзьдзе. «У „Тутэйшых” было дзьве плыні беларускага нацыяналізму: змагарская і творчая. Таму „Тутэйшыя” так актыўна засьвяціліся ў палітыцы, у гісторыі. Пра творчы кірунак можна сказаць, што ўся адроджаная „Наша Ніва” — гэта прадукт „Тутэйшых”», – сказаў наш рэдакцыйны калега Сяргей Дубавец.