Карыстальнікі сацсетак зьвярнулі ўвагу на абразу беларускай мовы ад імя Васіля Варушчанкі з Гомелю.
Мяркуючы па ягонай старонцы «УКантакце» (асьцярожна, адрас старонкі нецэнзурны), мужчына служыць або служыў у міліцыі.
«Беларуская мова — гэта труп, які гніе і які ўжо даўно трэба было б закапаць глыбей!» — пісаў ён пад пастом з пытаньнем пра асноўную мову гамельчукоў.
На сваёй старонцы мужчына разьмяшчае незвычайныя здымкі ў міліцэйскай форме, лаецца матам, публікуе фота і відэа парнаграфічнага зьместу.
Намесьнік начальніка ўпраўленьня ідэалягічнай работы і кадравага забесьпячэньня Гомельскага аблвыканкаму Ўладзімер Сімянец у камэнтары Свабодзе сказаў, што ня ведае, ці зьяўляецца Васіль Варушчанка супрацоўнікам сыстэмы міністэрства. І дадаў:
«Калі ён зьяўляецца супрацоўнікам міліцыі, то да яго будуць ужытыя меры спагнаньня за зьнявагу формы супрацоўніка міліцыі, а таксама будзе дадзеная ацэнка ягонай любові ці нелюбові да беларускай мовы.
Я сам свабодна размаўляю па-беларуску, чытаю па-ўкраінску. У некаторых краінах ёсьць па некалькі дзяржаўных моў, і ніхто ня кажа, што адна зь іх мёртвая. Хутчэй за ўсё, гэта ня наш супрацоўнік, а Дэпартамэнту аховы. Таму ўсю інфармацыю я перадам кіраўніцтву, каб была праведзеная праверка».
Cтаршы інспэктар аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў Дэпартамэнту аховы МУС Алена Гоман жа сьцьвярджае, што Варушчанка ўжо ня ёсьць супрацоўнікам органаў унутраных справаў:
«У 2013 годзе ён быў звольнены і ў дадзены момант не мае ніякага дачыненьня да Дэпартамэнту аховы», — перадае словы Гоман «Наша ніва». Ды выданьне зьвяртае ўвагу на тое, што Варушчанка публікаваў фота зь міліцэйскім пасьведчаньнем ужо ў 2015 годзе.