Кіраўнік нямецкай службы контрвыведкі (BfV) Ганс-Георг Масэн абвінаваціў Расею ў спробах дэстабілізаваць Нямеччыну з дапамогай прапагандысцкіх кампаній і хакерскіх нападаў. Пра гэта паведамляе Associated Press.
Паводле Масэна, «зьяўляецца ўсё больш доказаў спробаў паўплываць на парлямэнцкія выбары ў Нямеччыне ў 2017 годзе». Спэцслужбы асьцерагаюцца, што Расея можа ўзмацніць прапаганду, у тым ліку праз пашырэньне ілжывых навінаў у сацыяльных сетках. У контрвыведцы таксама адзначылі ўзмоцнены рост «кібэршпіянажу» у дачыненьні да нямецкіх палітыкаў. У траўні Масэн заяўляў пра дачыненьне «расейскай выведкі» да кібэратакаў на кампутарныя сеткі Бундэстагу.
Падчас перадвыбарнай кампаніі ў ЗША Расею неаднаразова абвінавачвалі ў спробах паўплываць на выбарчы працэс. У прыватнасьці, расейскім спэцслужбам прыпісвалі ўзлом пошты кіраўніцтва Дэмакратычнай партыі. У Крамлі абвінавачаньні адкінулі.