Ці прымальна, што духоўныя асобы імкнуцца ўзбагачацца за кошт сваёй паствы? Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.
Гурневіч: Стала вядома, што ў патрыярха Алексія ІІ засталося ў банку 4,5 мільёна даляраў. Інфармацыя стала публічнай пасьля таго, як спадчыньніца патрыярха 80-гадовая Аляксандра Сьмірнова падала заяву ў арбітражны суд Масквы з патрабаваньнем уключыць яе ў сьпіс крэдытораў «Внешпромбанка». Менавіта там захоўваліся рахункі, на якіх ляжалі асабістыя зьберажэньні нябожчыка агульнай сумай каля 300 мільёнаў расейскіх рублёў. Сваёй спадчыньніцай ураджэнку Яраслаўскай вобласьці Аляксандру Сьмірнову Рыдыгер — гэта сапраўднае прозьвішча Алексія ІІ — прызнаў яшчэ ў 1976 годзе. Сьмірнова, у духоўным жыцьці ігуменьня Філарэта, была найбліжэйшай паплечніцай патрыярха, якая правяла побач з ім больш за 40 гадоў. Цяпер Філарэта ігуменьня маскоўскага падвор’я жаночага манастыра ў Эстоніі.
Канешне, гэтая інфармацыя цікавая тым, што духоўная асоба, якая быццам бы павінна жыць ва ўбостве, як гэта загадаў Хрыстос, які ня меў мільёнаў і ня жыў у такой шыкоўнай раскошы, валодала некалькімі мільёнамі.
Агулам сёньняшняя пазыцыя Папы Рымскага пра тое, што ён адмаўляецца ад аўтамабіляў і шыкоўных апартамэнтаў — найбліжэйшая да ўзорнага хрысьціянскага служэньня. Шмат хто ня можа ўстрымацца, бо чалавек гэта толькі чалавек. Але як бы дзіўна тое ні гучала, тут павінна ўмяшацца дзяржава. У некаторых краінах Эўразьвязу, напрыклад, у Чэхіі, Нямеччыне, зусім іншае, таму што людзі плацяць падатак, калі жадаюць, на касьцёл, і за гэтыя грошы ўтрымліваюцца сьвятары. Гэта вельмі справядлівы спосаб. Іншым чынам гэта адбываецца ў Польшчы, як і ў Беларусі — такога падатку няма, і тут сьвятары жывуць дзякуючы ахвяраваньням. Адбываецца вельмі шмат паталягічных выпадкаў, як я гэта ведаю па многіх парафіях, калі сьвятары будуюць сабе вельмі багатыя дамы, езьдзяць на шыкоўных машынах апошніх мадэляў, і зразумела, што гэтыя грошы паствы не ідуць на разьвіцьцё духоўнасьці ці дапамогу парафіянам. А ўсё ж у гэтым вучэньне і заключаецца.
Ненармальна, калі сьвятар, які тэарэтычна мае сярэдні заробак такі самы, як сярэднестатыстычны беларус, можа сабе дазволіць нашмат больш.
Гэта зьнішчае давер да сьвятароў, і калі ўспрымаць касьцёл ці царкву як інстытуцыю, якая павінная прышчапляць мараль, дапамагаць людзям, выхоўваць, то тут вялікі канфлікт. Бо ненармальна, калі сьвятар, які тэарэтычна мае сярэдні заробак такі самы, як сярэднестатыстычны беларус, можа сабе дазволіць нашмат больш. Гэта і незаконна, і проста дэмаралізуе паству.
Папа Францішак мудра працуе, знайшоў праз гэта сабе вельмі шмат ворагаў у каталіцкім касьцёле. Канешне, павінна быць дзяржаўна-царкоўнае пагадненьне наконт такіх падаткаў. Як вы гэта бачыце ў Беларусі?
Глод: Зразумела, што сьвятар, якога рангу ён бы ні быў, заўжды бліжэй да Бога, чым звычайны чалавек. І калі сьвятары хочуць, каб іхная паства павялічвалася і каб імя Божае ня ганілася сярод няверуючых, яны павінны зь сябе пытаць значна стражэй, чым зь іншых. Карацей, яны мусяць быць прыкладам для звычайных людзей. Але ж вельмі часта апошнім часам гучаць гісторыі, якія робяць сьвятароў ня прыкладам для іншых, а наадварот. Згадайце пра прыклады дарожных аварыяў з загінулымі людзьмі на дарогах Расеі, калі за рулём аўто былі нецьвярозыя бацюшкі.
Наколькі я разумею, службовых акладаў у сьвятароў няма. Тады ўзьнікае пытаньне: на якія грошы яны жывуць? Чаму ў іх такія дарагія машыны, гадзіньнікі ды іншыя рэчы? Адкуль бяруцца грошы, каб усё гэта набыць? Кажуць, што сьвятары жывуць на тыя сродкі, якія ім дае паства. Але ж ці ёсьць тады нейкі кантроль і самакантроль, дарэчы, за тым, як трацяцца гэтыя грошы?
Чаму ў іх такія дарагія машыны, гадзіньнікі ды іншыя рэчы? Адкуль бяруцца грошы, каб усё гэта набыць?
Пакуль жа мне такія рэчы нагадваюць стан у партыйнай вярхушцы савецкіх часоў. Адсутнасьць кантролю, уседазволенасьць давалі магчымасьць партыйнай эліце жыць так, як ёй хацелася. А калі нешта выпадкова ўсплывала і станавілася вядомым грамадзкасьці, то з самага верху гучала: «Гэта хочуць выкарыстаць для дыскрэдытацыі партыі». І мяне цяпер зусім не зьдзіўляе, калі у царкоўнай вярхушцы на пытаньне: а адкуль у пэўнага сьвятара такое багацьце, гучыць не канкрэтны адказ, а наступныя словы: «Яны хочуць праз гэта дыскрэдытаваць царкву».
Цяпер можна пачуць, што ёсьць такія сучасныя сьвятары, якія атрымалі гэты сан дзеля таго, каб мець якіясьці прывілеі. Але потым, як кажуць, на Найвышэйшым судзе ўсім «залічыцца». Але ці сапраўды залічыцца? І чаму царкоўнае начальства паводзіць сябе так, каб любым спосабам пакрыць здарэньні, якія не ўпрыгожваюць іхных падначаленых?
На канкрэтнае пытаньне Дзьмітрыя Гурневіча, ці прымальна, што духоўныя асобы імкнуцца ўзбагачацца за кошт паствы, я адкажу так: канечне непрымальна. Бо гэта найперш немаральна. А духоўныя асобы мусяць паводзіць сябе так, каб зь іх бралі прыклад.
Цыганкоў: Гэтае пытаньне стварае новае філязофскае: што такое аддадзенасьць рэлігіі? Ці мы ўспрымаем рэлігію як самаадданасьць, служэньне, ці як прафэсійную дзейнасьць, якая прадугледжвае і матэрыяльнае ўзбагачэньне і кар’ерны посьпех?
Мне здаецца, што сёньняшні сьвет далёка адышоў ад запаветаў Хрыста. Многія служкі рэлігіі ўспрымаюць гэта ў апошнім аспэкце — як звычайную працу.
Сёньняшні сьвет далёка адышоў ад запаветаў Хрыста.
Што да праваслаўнай царквы, то усё вельмі неаднародна. Ёсьць вялікая доля таго, што залежыць ад дзеяньняў самога праваслаўнага сьвятара. Адны сапраўды ставяць матэрыяльныя рэчы ледзь не галоўнымі, патрабуючы з прыхаджан узносы з кожнай нагоды, другія не. Але ва многіх праваслаўных прыходах няма цэнтралізаванага фінансаваньня і яны залежаць ад ахвяраваньняў. Часам размова ідзе не пра нейкія занадта вялікія даброты, а пра сродкі на харчаваньне, тое, што неабходна для матэрыяльнага існаваньня чалавека. Гэта сытуацыя ненармальная, калі герархі носяць гадзіньнікі коштам больш за некалькі гадоў усяго прыходу маленькай царквы.
Даволі вядомы сьвятар Фёдар Поўны жыве ў Драздах, ён блізкі да Аляксандра Лукашэнкі, і гэта той выпадак, калі адзін з настаяцеляў храма вельмі адрозьніваецца па матэрыяльных дабротах ад іншых праваслаўных сьвятароў Беларусі. Іншы вядомы прыклад — патрыярх Сэрбскі Павал, які адышоў ад усялякіх матэрыяльных дабротаў, усё раздаваў людзям, у яго не было нічога свайго, ён сам сабе шыў і лапіў адзеньне, еў вельмі абмежавана, фактычна ўвесь час пасьціўся, зьбіраў крошкі са стала. Гэта прыклад рэлігійнай самаадданасьці. Нават калі ён выдаў кнігу, ён зрабіў гэта за свае грошы і раздаў яе прыхаджанам. Так што ёсьць у царкве самыя розныя прыклады.