Адным з асноўных пунктаў візыту сьпікера польскага Сэнату ў Беларусь стане ратыфікацыя пагадненьня паміж польскім і беларускім урадамі аб супрацы ў галіне адукацыі. Яно датычыць абмену настаўнікаў, моладзі і студэнтаў, вывучэньня польскай мовы і навуковай супрацы.
— Мы будзем размаўляць пра легалізацыю Саюзу палякаў Беларусі, а таксама пра тое, каб маёмасьць СПБ, школы і Польскія дамы, вярнуліся да сваіх законнага ўласьніка — да ўправы Саюзу. Беларускія ўлады гатовыя вырашыць гэтую праблему, — сказаў Карчэўскі ў інтэрвію Польскаму агенцтву друку.
Падчас перамоваў у Менску будзе таксама закранацца пытаньне доступу да тэлевізіі Polonia ў Беларусі, узаемадзеяньня ў сельскагаспадарчай галіне і малым памежным руху.
У Менску з Карчэўскім сустрэнуцца прэмʼер-міністар Андрэй Кабякоў, а таксама старшыні Рады Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Мясьніковіч і Ўладзімер Андрэйчанка.
У праграме візыту сьпікеру польскага Сэнату наведваньне Курапатаў і сустрэча з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.