Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабства ў Беларусі — гэта і дэкрэт пра «дармаедаў», і праца ў калёніях


Ілюстрацыйнае фота. Зьняволеныя працуюць у папраўчай калёніі ў Навасадах
Ілюстрацыйнае фота. Зьняволеныя працуюць у папраўчай калёніі ў Навасадах

2 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы за адмену рабства. Праваабаронцы канстатуюць, што рабства ў чыстым выглядзе ў Беларусі няма, але існуе праблема прымусовай працы ды іншыя формы бесчалавечнага абыходжаньня.

Праваабаронца Алег Воўчак лічыць, што ў Беларусі можна знайсьці шмат прыкладаў прымусовай працы, галоўным зь якіх зьяўляецца наяўнасьць дэкрэта № 3 — так званага «дэкрэта пра дармаедаў».

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Дэкрэт № 3 — гэта новая галіна прымусовай працы, фактычна рабства. Міжнародная арганізацыі працы ўжо прыняла рашэньне, што гэты дэкрэт супярэчыць ня толькі нацыянальнаму заканадаўству, але і Канвэнцыі аб прымусовай працы. Акрамя таго, праваабаронцы працягваюць зьвяртаць увагу на праблему прымусовай працы ў папраўчых калёніях, дзе людзі за сваю працу атрымліваюць капейкі, а таксама лячэбна-працоўных прафілякторыях, дзе людзі бясплатна пад прымусам працуюць. Міжнародныя інстанцыі неаднаразова казалі пра ўсё гэта. Таму дзень барацьбы супраць рабства — гэта якраз той момант, калі дзяржава павінна задумацца пра зьмену нацыянальнага заканадаўства і прывесьці яго ў адпаведнасьць цывілізаваным законам», — кажа ён.

Менавіта дзякуючы дэкрэту № 3, мяркуе Воўчак, Беларусь стала фігураваць у міжнародных рэйтынгах рабства і прымусовай працы.

«І гэта проста сорамна, мы ж эўрапейская краіна», — дадае праваабаронца.

Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі зьвяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі існуюць і іншыя бесчалавечныя формы абыходжаньня, якія супярэчаць эўрапейскім каштоўнасьцям.

Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

«У нас няма адкрытага рабства. У сьвеце ёсьць краіны, дзе такая праблема існуе як інстытут грамадзтва. Напрыклад, у Афрыцы пэўныя народнасьці, пэўныя плямёны лічаць, што існаваньне рабства — гэта норма, і рэальна тысячы людзей знаходзяцца ў такім стане.

У нас ёсьць іншыя формы бесчалавечнага абыходжаньня, якое можна прыраўнаваць да рабства паводле ўзроўню нянавісьці да чалавечай асобы і годнасьці. Тое што ў нас адбылося выкананьне гэтых сьмяротных прысудаў у апошнія дні (тры чалавекі расстраляныя, чацьвёрты пад пытаньнем — можа, неўзабаве даведаемся, што зь ім) падказвае мне, што гэтыя антычалавечыя зьявы знаходзяцца ў адным шэрагу. Таму ў чымсьці беларуская цывілізацыя пайшла наперад, яна знаходзіцца ў кантэксьце эўрапейскіх каштоўнасьцяў, дзе такой зьявы, як рабства (прынамсі, адкрытай), няма, а вось сьмяротнае пакараньне ёсьць — і такая рыса нашага грамадзтва нас, вядома, не ўпрыгожвае», — кажа праваабаронца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG