Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Немэтазгоднае ў Лідзе. Дапусьцілі дранікі са сьмятанай


Алена Брава
Алена Брава

Асноўнае пра падзеі 1 сьнежня з сайту Свабоды.

Добры вечар! Ідэолягі Менгарвыканкаму дазволілі правесьці канцэрт праекту «Народны альбом» у Менску ў лютым. Гэта можа азначаць, што Лявона Вольскага і Зьмітра Вайцюшкевіча ўлады нарэшце выкрасьлілі з «чорных сьпісаў» музыкаў. Радуемся за абодвух.

МЭТЫ Ў ЛІДЗЕ РОЗНЫЯ. А вось лідзкія ідэолягі не дазволілі. На запыт мясцовых актывістаў пра магчымасьць арганізаваць у горадзе курсы «Мова нанова» яны адказалі, што ў Лідзе праводзіцца «мэтанакіраваная работа па захаваньні, разьвіцьці і папулярызацыі беларускай мовы і традыцыйнай культуры», а таму правядзеньне курсаў «немэтазгоднае».

У ДЗЕНЬ БАРАЦЬБЫ СА СНІД. «Эпідэмія цяпер закранае ўсіх. Груба кажучы, гэта ўсе, хто займаецца сэксам» – кажа пра небясьпеку ВІЧ-інфэкцыі ў Беларусі Ірына Статкевіч, старшыня грамадзкага абʼяднаньня «Пазытыўны рух». Згодна з апошнімі статыстычнымі дадзенымі, на 1 верасьня 2016 году ў Беларусі зарэгістравана 21 336 выпадкаў ВІЧ-інфэкцыі. З дыягназам ВІЧ жыве 16 570 чалавек.

УЦЁКІ З «ВОСТРАВУ СВАБОДЫ». «Нашае жыцьцё выглядала так: а чацьвёртай гадзіне раніцы хтосьці зь сям’і выпраўляўся на пошукі прадуктаў у горад. Некалькі яек, кавалак гарбуза ці рэпа — гэта вельмі ўдалы дзень. Чэргі па хлеб былі вялізныя, чалавек пад 200 стаялі штодня, прычым хлеб можна было набыць толькі ў той булачнай, да якой прыпісана ваша сям’я. ». Беларуская пісьменьніца Алена Брава распавяла нашай карэспандэнтцы Аляксандры Дынько пра сваё жыцьцё на Кубе. Не адарвацца.

ДРАНІКІ Ў MCDONALDS. У беларускай сетцы McDonalds зьявіліся беларускія нацыянальныя стравы: дранікі, бургер «Панскі» і піражкі зь мясам і грыбамі. Беларускі сайт McDonalds абяцае «смачныя, румяныя беларускія дранікі са сьмятанай». «Панскі» бургер — сандвіч зь дзьвюма катлетамі са сьвініны на адмысловай булачцы, кавалачкамі марынаваных агуркоў і лустай сыру чэдэр.

УКРАІНЦЫ ПУСКАЮЦЬ РАКЕТЫ КАЛЯ КРЫМУ. Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што на вайсковых вучэньнях на поўдні краіны праходзіць пуск ракетаў, як і было заплянавана. Раней украінскія СМІ паведамлялі, што ў выпадку правядзеньня Ўкраінай ракетных выпрабаваньняў у раёне расейска-ўкраінскай мяжы ў Крыме Расея пагражала Кіеву адказаць ракетным ударам.

Падпісацца праз электронную пошту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG