Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейца, які застрэліў гомельскага таксоўшчыка, пакаралі 22 гадамі калёніі


Трагедыя здарылася сёлета ў сакавіку. Каля гатэля «Турыст» расеец папрасіў таксоўшчыка падвезьці яго ў прыгарадную вёску Сасноўка, дзе жыў зь беларускай, зь якой пазнаёміўся праз інтэрнэт, зарэгістраваў шлюб і меў дваіх дзяцей.

Як устанавіла сьледзтва, недалёка ад вёскі расеец стрэліў кіроўцу «Таксі 155 Альфа» ў галаву, цела адцягнуў у лес і замаскіраваў бярвеньнем.

Забойца завалодаў аўтамабілем Ford Galaxy, грашыма і рэчамі таксоўшчыка. Па сутнасьці, абрабаваў забітага — сьцягнуў з пальца залаты шлюбны пярсьцёнак, забраў срэбны ланцужок, мабільны тэлефон, пляншэт, навігатар, касавы апарат, набор інструмэнтаў і нават дзьве бутэлькі машыннай алівы.

На судзе 37-гадовы абвінавачаны сьцьвярджаў, што зрабіў гэта спантанна —намеру забіваць таксоўшчыка нібыта ня меў, а хацеў толькі напалохаць рэвальвэрам і абрабаваць яго, бо грошы былі патрэбныя на «будаўнічыя матэрыялы й полікарбанат для парніка».

Рэвальвэр, як тлумачыў асуджаны, купіў раней на рынку ў Падмаскоўі, хаваў яго ў машыне або на кватэры ў цешчы, дзе нейкі час жыў з жонкаю.

Расеец родам з Набярэжных Чаўноў, што ў Татарстане. Там асуджаны быў за крадзеж — атрымаў умоўны тэрмін. Да гэтага служыў у войску на Паўночным Каўказе па кантракце.

Жонцы пацярпелага таксіста, паводле выраку, асуджаны расеец мусіць сплаціць тысячу рублёў як кампэнсацыю матэрыяльнай шкоды і 50 тысяч — маральнай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG