«Жорсткія выказваньні абранага прэзыдэнта ЗША з нагоды сыходу з жыцьця лідэра кубінскай рэвалюцыі Фідэля Кастра павінны заставацца на сумленьні самога Дональда Трампа», заявіў «РИА Новости» дырэктар лацінаамэрыканскага дэпартамэнта МЗС Расеі Аляксандар Шчацінін.
«Што тычыцца розных праяў і жаданьняў пазласловіць і выказацца ў зьняважлівай манэры адносна чалавека, які пайшоў з жыцьця, палітыка, я гэта пакідаю на сумленьні тых людзей, якія гэта робяць», — сказаў Шчацінін.
Паводле яго слоў, «Фідэль Кастра, як бы да яго ня ставіліся розныя палітычныя сілы, быў вялікім палітычным дзеячам сучаснасьці».
«І ён у абсалютнай ступені годны павагі ўсіх», — дадаў Шчацінін.
Раней абраны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у адмысловай заяве назваў Кастра «жорсткім дыктатарам, які чыніў рэпрэсіі супраць уласнага народу цягам амаль 60 гадоў». «Спадчына Фідэля Кастра — гэта расстрэльныя каманды, крадзеж, неверагодныя пакуты, беднасьць і адмаўленьне асноватворных правоў чалавека».