Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы амбасадар Беларусі ў ФРГ: «Мы не павінны балянсаваць паміж Расеяй і Эўразьвязам. Важныя абодва напрамкі»


Дзяніс Сідарэнка, новы амбасадар Рэспублікі Беларусь ў Нямеччыне (зьлева), Андрэа Віктарын, кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі (у цэнтры) i Райнэр Лінднэр, старшыня Менскага форуму і Нямецка-беларускага таварыства
Дзяніс Сідарэнка, новы амбасадар Рэспублікі Беларусь ў Нямеччыне (зьлева), Андрэа Віктарын, кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі (у цэнтры) i Райнэр Лінднэр, старшыня Менскага форуму і Нямецка-беларускага таварыства

Афіцыйныя беларуска-нямецкія стасункі вяртаюцца на ўзровень да разгону Плошчы 2010 году.

Намесьніца міністра замежных спраў Беларусі Алена Купчына на адкрыцьці ХІV Менскага форуму, які зноў сабраўся пасьля шасьцігадовага перапынку, адзначыла, што чарговая сустрэча ў такім фармаце — яскравае сьведчаньне таго, што перамены ў адносінах Беларусі і Нямеччыны зьяўляюцца пазытыўнымі:

Алена Купчына
Алена Купчына

«Цяпер у нас зь Нямеччынай выбудоўваюцца партнэрскія дачыненьні. Мы разумеем адно аднаго. Мы маем і праблемныя пытаньні, але гэтыя праблемныя пытаньні ня тычацца двухбаковых адносінаў. Гэтыя праблемныя пытаньні тычацца ў асноўным стасункаў паміж Эўрапейскім Зьвязам і Беларусьсю. А зь Нямеччынай у нас вельмі пазытыўная стасункі. Партнэрскія дачыненьні — вось чаго мы хочам дасягнуць. І я спадзяюся, што гэта ўзаемная зацікаўленасьць».

Месяц таму, 25 кастрычніка 2016 году Аляксандар Лукашэнка прызначыў амбасадарам Рэспублікі Беларусь у Нямеччыне 40-гадовага Дзяніса Сідарэнку. Да гэтага Сідарэнка ачольваў Упраўленьне агульнаэўрапейскага супрацоўніцтва МЗС.

Новы амбасадар прапрацаваў у Бэрліне на новай пасадзе 5 дзён і прыехаў у Беларусь на XIV Менскі форум. Дзяніс Сідарэнка на адкрыцьці Форуму ўдзельнічаў у дыскусіі «Беларусь — Нямеччына — Эўразьвяз: пэрспэктывы эўрапейскага суседзтва і бясьпекі», а потым даў эксклюзіўнае інтэрвію Радыё Свабода.

Дзяніс Сідарэнка
Дзяніс Сідарэнка

— Я толькі ў мінулую пятніцу зьехаў у Нямеччыну на новую працу, але празь пяць дзён вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь, таму што Менскі форум — гэта вельмі сур’ёзнае, уплывовае мерапрыемства, дзе ёсьць магчымасьць паразмаўляць з усімі ўплывовымі асобамі, хто цікавіцца беларуска-нямецкімі дачыненьнямі, і хутчэй уліцца ў мой новы мандат, які зусім нядаўна атрымаў, і стварыць своеасаблівую мапу працы на будучыню.

— Чым асаблівыя адносіны Беларусі зь Нямеччынай?

— Так, нашы адносіны зь Нямеччынай — гэта стасункі са стратэгічным партнэрам, які сёньня зьяўляецца адным зь лідэраў Эўразьвязу. Таму для нас гэтыя адносіны вельмі важная і патрэбныя. Я не магу сказаць, што на новай пасадзе я пачынаю з нуля. Ёсьць шмат плыняў, шмат вэктараў, шмат напрамкаў, дзе мы працуем ня толькі на дзяржаўным узроўні, але і паміж эканамічнымі суб’ектамі, паміж прадпрыемствамі, паміж людзьмі. Я як амбасадар Беларусі ў Нямеччыне зраблю ўсё магчымае, каб падтрымаць, надаць нашым узаемаадносінам паскарэньне. Так, нашы адносіны сёньня разьвіваюцца, але патэнцыял іх у поўнай меры яшчэ ня выкарыстаны. Я таксама сканцэнтруюся, каб прывесьці ў Беларусь яшчэ больш інвэстараў.

— На вашу думку, Беларусь павінна балянсаваць паміж Захадам і Ўсходам, паміж Расеяй і Эўразьвязам, ці ўсё ж такі больш канкрэтна вызначыцца, так бы мовіць, да якога берага яна прыплыве?

— Я перакананы, што і нашы адносіны з Расеяй, і нашы адносіны з краінамі Эўразьвязу, і ў прыватнасьці зь Нямеччынай, вельмі важныя ў абодвух напрамках. І гэта не пытаньне балянсу, гэта пытаньне выбудоўваньня нармальных канструктыўных і прагматычных адносінаў з усімі партнэрамі і суседзямі, бо і Расея, і краіны Эўразьвязу — гэта нашы непасрэдныя суседзі, зь якімі непасрэдна нам давядзецца выбудоўваць адносіны ў пазытыўным кантэксьце.

Алена Купчына, намесьніца міністра замежных спраў Беларусі (зьлева), Дзяніс Сідарэнка, новы амбасадар Рэспублікі Беларусь ў Нямеччыне (у цэнтры) і Андрэа Віктарын, кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі (справа)
Алена Купчына, намесьніца міністра замежных спраў Беларусі (зьлева), Дзяніс Сідарэнка, новы амбасадар Рэспублікі Беларусь ў Нямеччыне (у цэнтры) і Андрэа Віктарын, кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі (справа)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG