Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: у 1996-м Беларусь была ператвораная ў дыктатуру


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з заявай з нагоды 20-й гадавіны рэфэрэндуму, які зьмяніў канстытуцыйны лад Беларусі.

«Рэфэрэндум 1996 г. быў арганізаваны і праведзены з істотнымі парушэньнямі тагачаснага беларускага заканадаўства, што робіць ягоныя вынікі юрыдычна нядзейснымі. Ён стаў вырашальным этапам канстытуцыйнага перавароту, зьдзейсьненага групай асобаў на чале з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на на старонцы Рады БНР у фэйсбуку.

«Незаконны рэфэрэндум стаў фармальным прыкрыцьцём для канчатковага зьнішчэньня дэмакратычных здабыткаў Беларусі канцу 80-х і пачатку 90-х гадоў. Беларускае грамадзтва і беларускі парлямэнт былі канчаткова пазбаўленыя кантролю над выканаўчай уладай, быў нанесены ўдар па мясцовым самакіраваньні, а перанос Дня незалежнасьці Беларусі стаў чарговым ударам па беларускіх нацыянальных каштоўнасьцях.

Беларусь была ператвораная ў апошнюю дыктатуру на эўрапейскім кантынэнце, якою яна застаецца вось ужо дваццаць гадоў.

Канстытуцыйны пераварот 1995-1996 гг. прывёў да міжнароднай ізаляцыі Беларусі, паставіў яе ў надзвычай высокую залежнасьць ад Расеі, пазбавіў пэрспэктываў эўрапейскай інтэграцыі, што прадстаўляе непасрэдную небясьпеку дзяржаўнаму сувэрэнітэту Беларусі. Гэтая небясьпека зрабілася асабліва востраю пасьля падзеяў ва Ўкраіне ў 2014 г.

Рада БНР адзначае дэструктыўную ролю Расейскай Фэдэрацыі ў перавароце 1995-1996 гг. Расейская Фэдэрацыя ў асобе прэзыдэнта Барыса Ельцына, кіраўніцтва ўраду, Дзяржаўнай Думы і Рады Фэдэрацыі аказала непасрэдную падтрымку ўсталяваньню аўтарытарнаму рэжыму А. Лукашэнкі, праігнаравала яскравыя факты парушэньня правоў чалавека і дэмакратычных стандартаў уладамі Беларусі тады і ў наступныя гады. Рада БНР расцэньвае расейскую палітыку падтрымкі дыктатарскага рэжыму А. Лукашэнкі безадказнай і варожай у дачыненьні да Беларусі. Гэтая падтрымка нанесла і працягвае наносіць істотную шкоду добрасуседзкім стасункам між народамі Беларусі і Расеі.

Рада БНР заклікае ўлады Беларусі да правядзеньня датэрміновых свабодных і дэмакратычных выбараў ва ўсе органы ўлады. Вяртаньне Беларусі на шлях будаваньня дэмакратычнай прававой дзяржавы, зь якога яна збочыла ў 1996 годзе, ёсьць жыцьцёвая неабходнасьць і найважнейшы прыярытэт з пункту гледжаньня беларускіх нацыянальных і дзяржаўных інтарэсаў», — адзначаецца ў заяве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG