Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урокі падляскай мовы


Падляшша ўсё больш для беларусаў пераўтвараецца ў краіну-гіпэрмаркет, у спажывецкі рай, у край зьніжак і акцыяў. Толькі для нямногіх Падляшша — краіна «Бардаўскай восені» і «Басовішча».

Для мяне быць на Падляшшы і не заехаць да якога-небудзь беларускага творцы — гэта дарэмна зьезьдзіць на Падляшша. Бо ў гэтым незвычайным краі і творцы незвычайныя і цікава пагаварыць ёсьць пра што. У вёску Трасьцянку да фэрмэра, уладальніка вялікіх лугоў, але найперш паэта Віктара Стахвюка, які піша выключна на падляскай мове, я хацеў выбрацца ўжо даўно. Бо адна справа перасячыся на літаратурным сэмінары «Бязьмежжа», і зусім іншая — са смакам пагутарыць у Віктаравай сядзібе. У Трасьцянцы Стахвюковы дом з мэзанінам мне здаецца самым прыгожым. Я засьпеў паэта з жонкай Эльжбэтай, калі яны прыехалі з Чанстаховы, зь ейнай радзімы. «Вярнуліся з Польшчы», як кажа Стахвюк.

— Я быў у Польшчы, а цяпер я на Падляшшы. А гэта ж ня Польшча. Падляшша проста знаходзіцца пад польскай адміністрацыяй, і больш нічога.

Пані Эльжбэта мякка папраўляе мужа:

— Афіцыйна гэта Польшча.

— Нас проста падарыў князь Жыгімонт.

— Гэта было даўно і няпраўда.

— На Падляшшы ёсьць моладзь, якая ўжо выхаваная ў новым духу — «Бардаўскай восені», «Басовішча».

Ад першага знаёмства гадоў дзесяць таму ў мяне засталося пытаньне — навошта пісаць вершы на дыялекце, на малараспаўсюджанай гаворцы? Напэўна, ува мне прачынаўся вялікадзяржаўны беларускі шавінізм.

— Наша падляска-руская мова ёсьць цьвёрдая. Дыфтонгавая. Другой славянскай мовы з дыфтонгамі няма. У беларускай мове стол, а на падляска-рускай — стуол. Ня хлеб, а хліэб. Куонь, рыэчка. Дыфтонгаў у славяншчыне больш няма. Падобна на тое, што гэта страшэнна старажытная мова. І ў нас няма польскай лексыкі, у адрозьненьне ад літаратурнай беларускай мовы.

На Падляшшы можна ўбачыць, што было бы з Заходняй Беларусьсю, каб яна засталася ў складзе Польшчы. Беларусаў-каталікоў мы б ня мелі.

— Беларус, асабліва праваслаўны, ня меў права займаць ніякай, нават самай нізкай, пасады. Нават пісарам у гміне. Мог быць толькі селянінам альбо чорнарабочым. Да вайны тут была татальная сэгрэгацыя. І людзі ставіліся да Польшчы татальна варожа. Таму што палякі тут ставіліся да людзей, як да мурынаў. І вось у 1939 годзе зьявілася беларускай ўлада. Вядома, да беларусаў ня надта чапляліся. Але ж не да канца. Бо бралі кулакоў, людзей іншых поглядаў. А мой дзед добра сьпяваў. І неяк на вясельлі, на якім прысутнічаў савецкі камісар, дзед засьпяваў песьню: «А ў калгасе добра жыці! Нет гарэлкі, віна піці. Ні каровы, ні сьвіней. Толькі Сталін на сьцяне». Камісар таксама сьмяяўся. Пасьля дзеда забралі ў Бельск. Тры дні білі яго там. Недзе ў падвалах. Пасьля прывезьлі. Тры дні ён ляжаў у хаце і памёр. Так скатавалі. За гэтую песеньку.

Сэгрэгацыя па нацыянальнай прыкмеце нараджала на Падляшшы свой адказ.

— У нас у Трасьцянцы не было «паноўнай нацыі». Бо мы адчувалі сябе лепшымі за палякаў. Нашы мужыкі былі ня проста вясковымі мужыкамі. Гэта філёзафы! Калі яны каля царквы пачыналі гаварыць на рэлігійныя, філязофскія альбо палітычныя тэмы, заслухацца можна было. Прафэсары! Іхныя сказы мелі моц праўды.

Нашу размову перарваў высокі мужык гадоў сарака. У беспрацоўных і п’яніц клопаты тыя самыя, што і ў Беларусі. Перахапіць грошай на бутэльку, прыдумаўшы якую-небудзь легенду. Вось гэты Ярэк прыдумаў пра неабходнасьць новай SIM-карты. У Трасьцянцы. А восьмай вечара. Калі працуе толькі прадуктовая крама. Я, пачуўшы Ярэкава «па-свуойму» пераканаўся, што падляская мова — зусім ня выдумка.

— Як часта да цябе прыходзяць такія маладыя людзі?

— Па пяць разоў на дзень, бывае.

— А ён верне грошы?

— Не. Але ён ужо год да мяне ня прыйдзе. Ён будзе хавацца. Бо я буду «шукаць». Буду пытацца «А дзе Ярэк?» Зайду ў краму: «А Ярэка бачылі? Я яго знайду! Галаву вырву зь лёгкімі і кіну сабакам. Ён мяне ашукаў!» А яму скажуць, што «Віктар цябе шукаў»! На год хопіць. Я даю часам. Такое ёсьць. Мы ўжо прывыклі.У нашай вёсцы ўся гэтая моладзь беспрацоўная.

Віктару праз два гады будзе семдзесят. Але гэтаму невысокаму, падцягнутаму, энэргічнаму чалавеку ня даў бы і сарака, каб не сівізна ў барадзе.

— Наша вёска славілася кулачнымі баямі. Але ж яны бяз злосьці былі. Людзі зьбіраліся пад царквой. Давалася па мордзе, а пасьля разам ішлі выпівалі. Бяз злосьці. Такі спорт. 50 на 50 чалавек. Але вёскі ведалі на сто кілямэтраў. Тут усе мужыкі былі баявітыя, і ўсе былі ўзброеныя да вайны. Кожны меў абрэз.

Усё радзей на Падляшшы маю беларускую мову разумеюць маладыя людзі. Прыходзіць новае пакаленьне, для якога што беларуская, што падляская — невядомая экзотыка.

— Пальшчызна набірае моц. Дзе ваша мова гадоў праз дваццаць застанецца? У пісьмовых помніках? У інтэрнэце? У вершах? Ці будуць носьбіты?

— Калі б мы верылі толькі ў тое, што Бога няма, а ёсьць толькі цьвёрдая, трохмерная матэрыя, тады фактычна так і будзе. Але калі ёсьць Бог, то ёсьць і дух нашай нацыі. Нашага падляскага народу. Тады немагчыма, каб наша мова загінула. Слабыя людзі адыдуць. Але паглядзі, колькі сёньня ў інтэрнэце пішуць на падляскай мове. А колькі хоча пісаць! А калі наша літаратура ёсьць, калі ёсьць такія магчымасьці, як інтэрнэт, будзе наша мова жыць!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG