Унук нябожчыка прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслам Карымаў-малодшы абверг нядаўнія паведамленьні СМІ пра сьмерць сваёй маці. У інтэрвію ўзбэцкай службе тэлеканалу ВВС ён пацьвердзіў, што з 2014 года Гульнара Карымава знаходзіцца пад хатнім арыштам у Ташкенце.
На гэтым тыдні выданьне «Цэнтр — 1» са спасылкай на неназванага супрацоўніка Службы нацыянальнай бясьпекі Ўзбэкістану паведаміла пра сьмерць Карымавай, якая нібыта адбылася 5 лістапада. Інфармацыя пра сьмерць дачкі нябожчыка прэзыдэнта ІсламаКарымава атрымала шырокае распаўсюджваньне ў сацыяльных сетках. Шмат якія экспэрты па Ўзбэкістане, аднак, паставіліся да гэтай інфармацыі з недаверам.
Гульнара Карымава — старэйшая дачка нябожчыка прэзыдэнта — раней працавала ў Міністэрстве замежных спраў і займалася бізнэсам. Яе называлі адной з самых уплывовых жанчын Сярэдняй Азіі. У некалькіх краінах у дачыненьні да яе былі распачаты расьсьледаваньні ў сувязі з падазрэньнямі ў карупцыі.
У 2012 годзе ўлады Ўзбэкістану закрылі некалькі тэлеканалаў і радыёстанцый, якія належаць падкантрольнаму ёй мэдыяхолдынгу. Пазьней яе зьмясьцілі пад хатні арышт. На працягу доўгага часу пра Карымаву не паступала ніякай дакладнай інфармацыі. Пасьля сьмерці прэзыдэнта Іслама Карымава ў верасьні яна не прысутнічала на пахаваньні бацькі ў Самаркандзе.