Глод: Часовыя міжнародныя пункты пропуску грамадзян трэціх краін, якія прыяжджаюць у Расейскую Фэдэрацыю празь Беларусь, могуць зьявіцца на беларуска-расейскай мяжы. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас свайго візыту ў Менск.
Уласна кажучы, тэма гэта ня новая. Расейскі бок уздымае яе пэрыядычна. Апошні раз напружанасьць на беларуска-расейскай мяжы зафіксавалі ў верасьні. Тады непажаданых для Масквы замежнікаў і грузаперавозчыкаў расейцы сталі затрымліваць на беларуска-расейскай мяжы, якая фармальна адсутнічае. Тады гэтыя дзеяньні прэсавы сакратар расейскага МЗС Марыя Захарава патлумачыла павышаным роўнем тэрарыстычнай пагрозы.
Сяргей Лаўроў у Менску паўтарыў гэтую тэзу. А таму, сказаў ён, трэба выпрацаваць нейкія супольныя з Беларусьсю захады — можа быць, адкрыць часовыя пункты пропуску. Адпаведнае рашэньне будзе выпрацавана на пасяджэньні міждзяржаўнай міжведамаснай працоўнай групы па міграцыйнай палітыцы. Яно можа адбыцца напрыканцы лістапада — пачатку сьнежня.
Згодна з расейскім заканадаўствам, калі нейкі замежны грамадзянін, які мае ўязную расейскую візу, захоча паехаць у Расею праз Беларусь, ён мусіць уехаць на расейскія прасторы празь міжнародныя пункты пропуску. Але ж іх на беларуска-расейскай мяжы няма.
Беларускі бок не сьпяшаецца насустрач Крамлю. Уладзімер Макей няхай і асьцярожна, аднак запярэчыў расейскаму калегу: маўляў, ужо дваццаць гадоў існуе такі рэжым. І мы маглі б не прадпрымаць рэзкіх дзеяньняў
Беларускі бок не сьпяшаецца насустрач Крамлю. Уладзімер Макей няхай і асьцярожна, аднак запярэчыў расейскаму калегу: маўляў, ужо дваццаць гадоў існуе такі рэжым. І мы маглі б не прадпрымаць рэзкіх дзеяньняў, а падумаць над тым, як паступова вырашыць гэтую праблему.
Чаму ж два міністры не знаходзяць тут агульнай мовы? На мой погляд, таму, што ініцыятывы Масквы больш глыбокія, чым стварэньне часовых пунктаў. Лаўроў публічна прызнаў, што ідэю адзінай візавай прасторы зь Беларусьсю Крэмль прасоўвае ўжо даўно.
У чым жа прычыны такой настойлівасьці Крамля? Аргумэнты пра тэрарыстаў беларускія экспэрты адмятаюць, таму што, практычна ўсе нелегалы, кантрабанда, наркотыкі, якіх затрымліваюць беларускія памежнікі на мяжы Беларусі з краінамі Эўразьвязу і Ўкраіны, якраз трапляюць у Беларусь з Расеі, а не наадварот. Да таго ж цяпер існуе адзіная база дадзеных асоб, якім забаронены ўезд у кожную зь дзьвюх краін так званай саюзнай дзяржавы. І пры жаданьні ёй лёгка скарыстацца памежнікам.
На думку экспэртаў, самая відавочная прычына ўвядзеньня пашпартнага кантролю Расеяй у дачыненьні да грамадзян трэціх краін гэта адказ Масквы на санкцыі Эўразьвязу. Аднак гэтая мера бʼе ня столькі па грамадзянах трэціх краін, колькі па беларускім транзыце. Усе грузы, якія транзытам перамяшчаюцца на тэрыторыю Расеі, цяпер падвяргаюцца больш жорсткаму кантролю. Бываюць выпадкі, што важныя грузы наагул ня могуць патрапіць у Расею празь Беларусь, калі аўтатранспартам кіруюць грамадзяне трэціх краін. З-за гэтага статус Беларусі як транзытнай краіны губляе прывабнасьць для міжнародных перавозчыкаў. А гэта прыводзіць, зразумела, і да стратаў грошай для беларускага бюджэту.
І яшчэ пра адну важную рэч кажуць экспэрты: дэманстратыўнае ўвядзеньне пашпартнага кантролю на беларускай мяжы зьяўляецца спосабам, каб прымусіць Беларусь прыняць адзіную з Расеяй візавую палітыку.
Улічваючы ўсё гэта, я сфармуляваў бы для вас, калегі, пытаньне так: ці пагодзіцца Беларусь на перадачу часткі свайго сувэрэнітэту Расеі?
Гурневіч: Стварэньне адзінай візавай прасторы вымагае наяўнасьці субʼекта юрыдычнага права. Пра гэта два гады таму казаў пасол Расеі ў Менску Адяксандар Сурыкаў. То бок тая форма Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, якая ёсьць цяпер, не зьяўляецца дэ-юрэ нейкім утварэньнем. Яна магла б ёй стаць пасьля падпісаньня канстытуцыйнага акту, пра які так актыўна гаварылася ў 90-я. Тады для Лукашэнкі гэта быў прыярытэт, бо ён спадзяваўся стаць пераемнікам Ельцына. Але калі прыйшоў Пуцін, то стала зразумела, што пра мары аб Крамлі трэба забыць. І ў гэтым сэнсе канстытуцыйны акт саюзнай дзяржавы наадварот палохаў Лукашэнку. Гэта была пагроза ягонай пазыцыі.
сярод варыянтаў адказу на пытаньне — чаму, ёсьць і тое, што праз новыя пагадненьні зь Беларусьсю яна хацела б яшчэ больш падпарадкаваць сабе нашу краіну
Калі Расея так моцна настойвае на ўвядзеньні агульнай візавай прасторы, то сярод варыянтаў адказу на пытаньне — чаму, ёсьць і тое, што праз новыя пагадненьні зь Беларусьсю яна хацела б яшчэ больш падпарадкаваць сабе нашу краіну. Беларусь ізноў вымушаная была б аддаць частку сваіх паўнамоцтваў Маскве. Нехта можа запярэчыць, маўляў, ёсьць жа Шэнген, і нічога, эстонцы, грэкі і гішпанцы жывыя. Але ёсьць важная дэталь: саюзная дзяржава Беларусі і Расеі гэта не Эўразьвяз.
Адзіная віза дазволіла б замежнікам, якія наведваюць Беларусь, уяжджаць і ў Расею. А таксама наадварот. Але тут ёсьць ізноў праблемы. Калі ўмоўны немец альбо аўстрыец захоча на сваёй машыне і зь беларускай візай у пашпарце перакрочыць мяжу пад Смаленскам, то сёньня ён гэтага ня зможа зрабіць. Гэта не міжнародныя пераходы пасьля ўваходу ў жыцьцё дамовы аб Мытным зьвязе. Дык што гэта за «міні-Шэнген на дваіх», як назваў гэтую ідэю Мядзьведзеў, калі ўнутры гэтага «Шэнгена» трэба яшчэ вучыцца правільна трапляць з краіны ў краіну. А можа ўвядзеньне адзінай візавай прасторы ўрэгулявала б і гэтае пытаньне? Гэта здагадкі.
Менск і Масква пакуль вядуць перамовы. І ў выніковай дамове можа быць што заўгодна. Акрамя рэальнага спрашчэньня працэдуры перасячэньня мяжы, якая і сапраўды паспрыяе людзям, якія могуць наведаць Беларусь, там могуць быць і падводныя камяні. Прынамсі я б раіў іх шукаць. Магчыма гэта залішняя асьцярожнасьць да пуцінскай Расеі. Але практыка паказвае, што засьцярогі да крамлёўскай палітыкі, на жаль, вельмі часта спраўджваюцца.
Цыганкоў: Уся гэтая сытуацыя паказвае двухсэнсоўнасьць і алягічнасьць так званага Мытнага саюзу. Нібыта ёсьць агульная мытная зона, нібыта мяжа адсутнічае, але насамрэч яна ёсьць і зараз толькі, як бачым, узмацняецца. У Эўразьвязе таксама бывае, што краіны часам уводзяць меры па абароне сваіх межаў — так было падчас мігранцкага крызысу, так бывае пры абвастрэньні тэрарыстычнай пагрозы. Але ўсё
Беларусь безумоўна трапляе ў пастку расейскай замежнай палітыкі, калі яна на агульную візавую прастору пойдзе
гэта часова і не парушае галоўнага правіла пра бесьперашкоднае перасоўваньне ўнутры Шэнгенскай зоны.
Сытуацыя зь Беларусьсю і Расеяй зьяўляецца ўнікальнай. Беларусь безумоўна трапляе ў пастку расейскай замежнай палітыкі, калі яна на агульную візавую прастору пойдзе. Менск, думаю, будзе абараняцца да апошняга, але тыя пугі і пернікі, якія будзе прапаноўваць Расея, магчыма будуць больш моцнымі, і Менск будзе вымушаны пагадзіцца. Але тады чарговае зьмяншэньне сувэрэнітэту. Сёньня ёсьць санкцыі супраць Расеі, а заўтра невядома як увогуле разгорнуцца падзеі, можа будзе забарона ўезду замежнікам на тэрыторыю Расеі, невядома да чаго дойдзе абвастрэньне адносінаў паміж Расеяй і Захадам. І Беларусь стане закладнікам гэтай палітыкі. Трэба будзе падпарадкоўвацца ўсяму таму, што ўвядуць расейцы.
Пасьля вайны 2008-га году ў Грузіі, грузіны сталі актыўна лётаць празь Беларусь, Белавія павялічыла колькасьць рэйсаў і людзі прыляталі ў Менск, і далей траплялі ў Расею. Тут Беларусь атрымала выгады ад таго, што адрозьнівалася ад Расеі ў візавай палітыцы.