Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці купіць Эўропа ў Лукашэнкі «стабільнасьць»


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Дзьмітры Гурневіч, Віталь Цыганкоў.

Глод:
На ўчорашняй сустрэчы з дэлегацыяй Рады Эўропы, якая знаходзілася зь візытам у Беларусі, Лукашэнка паскардзіўся эўрапейскім чыноўнікам: маўляў, у праграме «Ўсходняе партнэрства» шэсьць краін, а пад дыскрымінацыю патрапіла толькі адна — Беларусь. Лукашэнка меў на ўвазе, што Нацыянальны сход дагэтуль не прызнаны як парлямэнт, які абраны на справядлівых і чэсных выбарах.

На гэтым тле кіраўнік Беларусі выклаў гасьцям свой адваротны козыр: «Наша краіна — адзіная з удзельніц „Усходняга партнэрства“, дзе адсутнічаюць ваенныя і замарожаныя канфлікты». Пэўную рацыю Лукашэнка тут мае: Азэрбайджан і Армэнія дагэтуль канфліктуюць з-за Нагорнага Карабаху, ва Ўкраіны і Малдовы — праблемы з Данбасам і Прыднястроўем, у Грузіі таксама ня ўсё спакойна.

Але Лукашэнка ня быў бы Лукашэнкам, калі б чагосьці не перабольшыў. Ён прадставіў перад іншаземцамі Беларусь у якасьці «полюса стабільнасьці ў рэгіёне».

І прапанаваў істотна паглыбіць супрацу з Эўразьвязам. Беларускі кіраўнік адзначыў, што цяпер, пасьля адмены ў лютым 2016 году Брусэлем бальшыні санкцыяў супраць Беларусі, зьявіўся ўнікальны шанец для разьвіцьця ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Але адначасова Лукашэнка даў зразумець эўрапейскім чыноўнікам, на якой непасрэдна сфэры трэба засяродзіцца — эканамічнае разьвіцьцё. То бок гасьцям паказалі, чаго ад іх чакаюць: крэдытаў, новых тэхналёгіяў ды іншай дапамогі. І ўсё гэта павінна замыкацца пакуль у эканоміцы, экалёгіі, энэргетыцы. На чарзе — сельская гаспадарка, мытня, стандартызацыя, навуковыя дасьледаваньні і інавацыі. Менавіта ў такім парадку пералічыў Лукашэнка прыярытэты.

гэта нагадвае сытуацыю з палітвязьнямі. Раней Брусэль патрабаваў ня толькі іхнага вызваленьня, але і рэабілітацыі. Цяпер пра рэабілітацыю Эўразьвяз ужо ня згадвае

А вось пра зьмены ў дэмакратыі, свабодах і правах чалавека прэзыдэнт прамаўчаў. Раней бы эўрапейскія чыноўнікі на гэта абавязкова нагадалі б, што для іх дэмакратычныя каштоўнасьці — свабода і правы чалавека, вяршэнства закона — маюць прыярытэт над эканамічнымі інтарэсамі. Цяпер яны, падобна, прамаўчалі. І гэта нагадвае сытуацыю з палітвязьнямі. Раней Брусэль патрабаваў ня толькі іхнага вызваленьня, але і рэабілітацыі. Цяпер пра рэабілітацыю Эўразьвяз ужо ня згадвае. А многія прадстаўнікі розных эўрапейскіх структураў пачалі казаць, што ціск з боку Эўразьвязу падштурхоўвае афіцыйны Менск на яшчэ большае збліжэньне з Расеяй.

Фактычна Брусэль пайшоў на сурʼёзны кампраміс зь беларускім рэжымам, каб аслабіць тое, што ім уяўляецца расейскай пагрозай.

Зразумела, што пра гэта Лукашэнку ўжо даклалі і міністар замежных спраў Уладзімер Макей і іншыя дарадцы. І таму ўчора кіраўнік Беларусі падкінуў эўрапейскай дэлегацыі яшчэ адну прывабную для іх рэч. Ён заявіў, што ня можа прамаўчаць аб заклапочанасьці антаганізмам паміж Эўразьвязам і Расеяй. Маўляў, нам у Беларусі назіраць за гэтым і балюча, і трывожна. Разумеючы, што ні вам, ні Расеі, тым больш нам, гэта ня трэба пры тых велізарных праблемах, якія сёньня існуюць у сьвеце, і якія трэба вырашаць разам — адзначыў Лукашэнка. Пасьля чаго і прапанаваў запусьціць яшчэ адзін міратворчы «менскі працэс» — для ўрэгуляваньня адносінаў паміж Усходам і Захадам.

Такім чынам, кіраўнік Беларусі хоча атрымаць дывідэнды і з Брусэлю, і з Крамля. Адсюль і маё пытаньне да вас, калегі, такое: ці здолее Лукашэнка капіталізаваць міратворчую ролю Менску?

Цыганкоў: Варта адзначыць адну акалічнасьць гэтай сустрэчы — яна адбылася за дзень да візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву, дзе ён сустракаецца з кіраўніцтвам, прэзыдэнтам Уладзімера Пуціным. Таму сустрэча з эўрапейцамі надала пэўную сымбалічнасьць, і, безумоўна, так усё было заплянавана, і такі быў выпісаны сцэнар. Павінна быць такім чынам прадэманстраваная шматвэктарнасьць беларускай палітыкі, тое, што яна не на адным крыле, як калісьці выказаўся Аляксандар Лукашэнка.

Аляксандар Лукашэнка нават навязьліва прапаноўвае свае міратворчыя паслугі, хоць апошнія падзеі вакол Украіны і дзеяньні афіцыйнага Менску па рэзалюцыі наконт Крыму, калі ён падтрымаў бок Масквы, ставіць пад сумнеў, наколькі Менск можа працягнуць сваю функцыю міратворчага цэнтру

Зьмяніліся тон і аспэкты ў тым, што сёньня афіцыйны Менск хоча прапанаваць Эўропе, на што яна павінная абаперціся, ацэньваючы замежную палітыку Беларусі. Калі раней гэта была больш стабільнасьць унутры краіны, а таксама тое, што Беларусь не дазваляе пранікаць у Эўропу нелегальным мігрантам, то зараз гэта міратворчасьць, яна становіцца галоўнай тэмай і галоўным плюсам. Аляксандар Лукашэнка нават навязьліва прапаноўвае свае міратворчыя паслугі, хоць апошнія падзеі вакол Украіны і дзеяньні афіцыйнага Менску па рэзалюцыі наконт Крыму, калі ён падтрымаў бок Масквы, ставіць пад сумнеў, наколькі Менск можа працягнуць сваю функцыю міратворчага цэнтру.

Але ўсё-такі для Захаду вельмі важна ўзважаная, неадназначная палітыка афіцыйнага Менску ў расейска-ўкраінскім канфлікце. Калі ўявіць, што Менск цалкам прыме расейскую пазыцыю ня толькі ў дыпляматычным сэнсе, але і ў палітычным і ваенным, гэта створыць вялікія праблемы на ўкраінскім кірунку, ня толькі для Ўкраіны, але і ў нашым рэгіёне. Таму Захад спрабуе падмацоўваць так званую нэўтральнасьць Беларусі, хоць насамрэч яе няма, у расейска-ўкраінскім канфлікце.

Гурневіч: На гэтае пытаньне мой адказ — так, і не таму, што зьмянілася Эўропа і яе стаўленьне да Беларусі. Зьмяніліся абставіны далей на ўсход ад нашай мяжы. Эўропе непатрэбныя іншыя канфлікты, таму што яна атрымала як мінімум на некалькі дзясяткаў год галаўнога болю.

Канешне, у Эўропы ёсьць свае інтарэсы, усе вельмі прагматычныя, і нават калі людзі кажуць пра дэмакратыю і правы чалавека, кожны мае на ўвазе нейкі вышэйшы інтарэс як асноўны, а ўжо гэта ў дадатак. Жаданьне Лукашэнкі супрацоўнічаць з Эўропай ёсьць і яно ўспрынятае ў Брусэлі вельмі пазытыўна. Галоўны адвакат — Польшча, хто б мог падумаць, бо яна была самай прынцыповай адносна Беларусі. Магчыма таму, што Польшча непасрэдна каля Беларусі знаходзіцца, і адчула б чарговы канфлікт на ўласнай скуры.

Лукашэнка намацаў слабое месца, кажучы пра тое, што трэба разьвіваць адносіны ў эканоміцы. Эўропа вельмі ахвотна будзе разьвіваць гэтыя адносіны, таму што іншага не застаецца

Зараз найлепшая сытуацыя для Эўропы ў гэтым сэнсе. Лукашэнка намацаў слабое месца, кажучы пра тое, што трэба разьвіваць адносіны ў эканоміцы. Эўропа вельмі ахвотна будзе разьвіваць гэтыя адносіны, таму што іншага не застаецца. Кожны бачыць свае інтарэсы — Лукашэнка хоча выжыць, просіць мікракрэдыты, спадзяецца на падтрымку ў рамках «Усходняга партнэрства». Раней круціў носам, таму што здавалася, што гэта неістотныя грошы. А сёньня, калі рэальныя даходы насельніцтва падаюць, трэба любыя даходы браць, хоць нейкія дзіркі пазалатваць. Эўропа праз гэтае эканамічнае ўзаемадзеяньне хоча прывязаць Беларусь да сябе, адцягнуць ад Расеі.

Тут ня толькі палітыка мае значэньне. Напэўна, гэта і лабісцкія інтарэсы. Як бы там ні было, Беларусь немаленькая краіна па эўрапейскіх мерках, там 10 мільёнаў насельніцтва. Некалькі месяцаў таму ў Аўстрыі стала вядома, што менавіта аўстрыйскія бізнэсоўцы паўплывалі на адмену санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі. Таму заканамерна, што гэтая тэндэнцыя будзе працягвацца і далей і можа зайсьці вельмі далёка, таму што калі не супрацоўнічаць з Лукашэнкам — Эўропа нічога не дасягне. 20 гадоў яе палітыкі не прынесьлі плёну, зьмена рэжыму немагчымая ў Беларусі пры дапамозе Захаду. Усё вырашаюць беларусы. Эўрапейцы гэта зразумелі, адсюль зьмяншэньне падтрымкі апазыцыі і беларускіх СМІ за мяжой.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG