Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Улада адчула, што ёсьць народ, зь якім, асабліва пасьля Майдану, трэба лічыцца»


Алея герояў у Кіеве
Алея герояў у Кіеве

Сёньня ва Ўкраіне ўзгадваюць падзеі трохгадовай даўніны, калі на Майдан Незалежнасьці ў Кіеве выйшлі студэнты, пратэстуючы супраць спыненьня тагачаснаю ўладаю эўраінтэграцыі. Студэнцкая акцыя была не шматлюднаю — ніхто не чакаў, што яна выльецца ў вялікі пратэст па ўсёй Украіне, які завершыцца зьменаю ўлады, анэксіяй Крыму і вайною на Данбасе.

Пацярпелі, але перамаглі

Ад раніцы Майдан Незалежнасьці ў Кіеве і прылеглыя да яго вуліцы ачэпленыя вялікай колькасьцю праваахоўных органаў, дзе-нідзе ўсталяваныя металядэтэктары, а паліцэйскія аглядаюць рэчы грамадзян, які прыходзяць ушанаваць памяць загінулых і ўзгадаць, якім быў кошт свабоды.

Паводле справаздачы Праграмнай ініцыятывы «Правы чалавека і правасудзьдзе» і Міжнароднага фонду «Адраджэньне», у часе масавых акцый пратэсту загінула ня менш як 114 грамадзян. Ня толькі ў Кіеве, але й іншых рэгіёнах — на Чаркашчыне, у Запарожжы, Львоўшчыне.

Згодна з інфармацыяю Кіеўскага ўпраўленьня аховы здароўя, у выніку сутыкненьняў між удзельнікамі акцыі і сілавікамі па мэдычную дапамогу зьвярнуліся 2 394 грамадзян — столькі выклікаў «хуткай дапамогі» было афіцыйна зарэгістравана ў той час. Але і гэтую лічбу нельга лічыць абсалютнай, бо яшчэ большая колькасьць пацярпелых баяліся зьвяртацца да лекараў, пабойваючыся перасьледу. 738 асоб атрымалі сярэднія ды цяжкія траўмы ад куль, апёкаў і выбухаў: 15 удзельнікаў акцый засталіся без аднаго вока, 8 — без канечнасьцяў. Беларуса Міхася Жызьнеўскага не змаглі ўратаваць — куля ад паляўнічай зброі трапіла наўпрост у сэрца. Такія вынікі 94 дзён супрацьстаяньня.

На Майдане кожны дзень мяняліся твары і вочы людзей

Ці перамагла Рэвалюцыя годнасьці і як адзначаюць дзень яе пачатку ўдзельнікі пратэстаў, Радыё Свабода запытала Аксану Хмілеўскую — валянтэрку Эўрамайдану. Удзельнікі пратэсту называлі яе Каралевай гарбаты, бо гатавала яго па асаблівым рэцэпце з імбірам ды лімонам.

Валянтэрка Эўрамайдану Аксана Хмілеўская
Валянтэрка Эўрамайдану Аксана Хмілеўская



— Прыходзячы на Майдан, прыгадваю паэтапна кожны дзень. Успамінаю, як выйшлі студэнты, якія ў іх былі разгубленыя вочы, як да іх прымазваліся палітыкі, а моладзь не хацела зь імі мець нічога агульнага, таму што быў вялікі недавер да іх. Памятаю кадры па тэлебачаньні і атрыманыя смс-паведамленьні пра зьбіцьцё студэнтаў, калі выйшлі іх бацькі... Міхайлаўскі сабор, які першым абараніў актывістаў, карэты хуткай дапамогі і неверагодную колькасьць людзей, якія пачыналі несьці на Майдан прадукты. Тады ва ўсіх людзей памяняліся твары і вочы. Была поўная ўпэўненасьць у неабходнасьці пераменаў, але ніхто ня быў гатовы да гвалту. Твары і вочы людзей мяняліся кожны дзень на Майдане, але асабліва пасьля першай сьмерці 22 студзеня, калі ня стала Сяргея Нігаяна і беларуса Міхася Жызьнеўскага. Тыя, хто адчуў тады на сабе зьмены, мяняюцца і зараз штодня, бо, па сутнасьці, перад кожным з нас заўсёды стаіць выбар — зьмяняць сыстэму ці ёй скарацца. Многія людзі зараз шкадуюць і не разумеюць, навошта тады стаялі на Майдане і чаго дамагліся? Але для мяне — гэта найперш памяць і зьмены, якія адбыліся ў кожным з нас, і зьмены, што адбываюцца ў дзяржаве. Магчыма, яны адбываюцца ня так хутка, як хацелася б, але яны адбываюцца і праяўляюць сутнасьць кожнага.

— Якія зьмены ў дзяржаве ты маеш на ўвазе?

— Напрыклад, раней, калі ты ішоў да чыноўніка па вырашэньне сваіх пытаньняў, ты павінен несьці канвэрт, каб прыскорыць разьвязаньне праблемы. Зараз у цябе ёсьць выбар — не даваць хабару і не гадаваць карупцыйную гідру. Многія людзі зразумелі, што пачынаць трэба зь сябе, зьмянілася адпаведна і стаўленьне людзей у дзяржаўных установах. Зьявілася новая паліцыя, людзі пачалі прытрымлівацца правіл дарожнага руху... Магчыма, яшчэ ня ўсе зьмяніліся, але народ адчуў сябе ўладай, а ўлада адчула, што ёсьць такая адзінка як народ, зь якою, асабліва пасьля Майдану, трэба лічыцца.

— А чаму тады зараз усё часьцей гучыць ідэя пра новы Майдан — маўляў, народ зьмяніўся, а палітыкі — не?

— Так, новыя палітыкі часам паўтараюць памылкі мінулай улады. Нават тыя ж электронныя дэклярацыі паказваюць, што адны аддаюць апошняе для фронту па 20 грыўняў зь пэнсіі, а іншыя — як кралі, так і працягваюць красьці, бо на чыноўніцкія заробкі столькі маёмасьці і каштоўнасьцяў набыць немагчыма. А трэці Майдан... Я не магу казаць, ці своечасовы ён. Але ўсё ж найперш нам трэба пераадолець зьнешняга ворага, які напаў на Ўкраіну, і далей разгортваць барацьбу з карупцыяй. Трэці Майдан можа дэстабілізаваць сытуацыю.

Аксана Хмілеўская на Эўрамайдане
Аксана Хмілеўская на Эўрамайдане



— А чым займаюцца зараз валянтэры Майдану і як вы адзначылі сёньняшні дзень?

— Валянтэры — гэта тыя людзі, якія ахвяруюць усім — і часам, і семʼямі, і грашыма. Многіх валянтэраў пахавалі, таму што, калі ты пачынаеш займацца тымі ўсімі праблемамі, ты ня можаш спыніцца, пачынаеш нэрвавацца, і, адпаведна, усё адбіваецца на здароўі. Многія перажылі цяжкі псыхалягічны стан, дэпрэсіі... А іншыя працягваюць працаваць, дапамагаць у антытэрарыстычнай апэрацыі, езьдзяць на перадавую і падтрымліваюць хлопцаў — пасьля ж Майдану шмат хто адразу пайшоў на перадавую, у добраахвотніцкія батальёны. Мы працягваем падтрымліваць кантакты, дапамагаць адзін аднаму. Кожны займацца сваёй справай. Я, напрыклад, зараз курырую пытаньні дзяцей вэтэранаў антытэрарыстычнай апэрацыі. Магчыма, ужо не ў такой колькасьці, як раней, магу ахвяраваць сваім часам, але справа не спынілася. А сёньня мы ўсе сустрэліся ў Міхайлаўскім саборы. Ва ўкраінскай гісторыі шмат падзей зьвязаныя менавіта з лістападам — дзьве ж рэвалюцыі ва Ўкраіне пачаліся менавіта 21 лістапада! Сёньняшні дзень мы пачалі з малітвы за Ўкраіну, за нашых сяброў — за тых, хто ўжо на небе, і за тых, што цяпер абараняюць нашу дзяржаву на ўсходзе. Я веру, што дабро заўсёды перамагае зло, адзінае пытаньне — у часе. Для нас усіх гэта — выпрабаваньне, якое мы маем прайсьці ў любові да кожнага і да нашай краіны.

Валянтэры Эўрамайдану
Валянтэры Эўрамайдану



Ці будуць пакараныя за масавыя расстрэлы

Генэральная пракуратура Ўкраіны на працягу трох гадоў расьсьледуе справу пра забойствы на Майдане. На дадзены момант устаноўлена падразьдзяленьне, якое страляла па большасьці загінулых і параненых 20 лютага 2014 году. Гэта была спэцрота кіеўскага «Бэркуту». Сьледзтва ўстанавіла па пэрсаналіях, хто знаходзіўся ў той час на вуліцы Інстытуцкай, і з чыей зброі былі выпушчаныя кулі. Тым, хто ня зьбег, выстаўленае абвінавачваньне, і справа слухаецца ў судзе. Вэртыкаль кіраўнікоў спэцроты ажно да вышэйшага кіраўніцтва абвешчаная ў вышук. Па некалькіх эпізодах, якія не інкрымінаваліся прадстаўнікам спэцроты, працягваецца сьледзтва.

За гэты час зьмянілася чатыры генэральных пракуроры, але толькі зараз пачалі выклікаць на допыты вышэйшых службовых асоб дзяржавы, тагачасных удзельнікаў акцый пратэсту — сьпікера Вярхоўнай Рады Ўкраіны Андрэя Парубія, былога кіраўніка ўраду Арсенія Яцэнюка, сакратара Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Аляксандра Турчынава. Два дні таму на пытаньні сьледчага адказаў і прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка. Яшчэ праз чатыры дні ў рэжыме відэаканфэрэнцыі з Расеі мае адбыцца допыт былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. Але пакуль што ён будзе адказваць на пытаньні ў якасьці сьведка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG