Гэта кадры з фільму «Толькі ўяві» польскага рэжысёра Анджэя Якімоўскага. Галоўныя героі стужкі — сьляпыя. Гэтак жа як і многія гледачы, якія прыйшлі на прэмʼеру. Стужку прэзэнтавалі на кінафэстывалі «Лістапад». Фільм агучвалі для сьляпых на сродкі польскіх спонсараў.
Уладзімер Лісоўскі апісвае тое, што адбываецца ў кадры. Кажа ў той момант, калі анімацыйныя героі маўчаць.
Важна, каб тэкст супаў з карцінкай. Гэта самае складанае ў працэсе аўдыёдэскрыпцыі. Адным зь першых Уладзімер агучыў старога добрага «Бураціна».
«Калі дзеці сталі адклікацца пра фільм, казаць: мы яго раней слухалі, дзякуючы менавіта аўдыёдэскрыпцыі, мы зразумелі многіх пэрсанажаў, чаму яны так зрабілі, чаму так казалі, вось ад гэтага проста мурашкі па скуры, шчыра кажучы, ішлі», — распавядае актор Уладзімер Лісоўскі.
Акрамя дыктара ў камандзе, якая працуе над фільмам, ня менш за пяць чалавек: аўдыёдэскрыптары (яны пішуць камэнтары), невідушчыя кансультанты (яны тэкст ацэньваюць), рэдактар і гукарэжысёр. Увесь працэс абыходзіцца ў Беларусі прыкладна ў 1900 рублёў (прыкладна $ 1000).
«У нас працуюць людзі на энтузіязьме, аўдыёдэскрыптары, якія пішуць тэкст, працуюць проста бясплатна. Рэдактары — бясплатна», — распавядае каардынатар сацыяльна-культурнай установы «Моцарт» Алесь Калоша.
Сапраўды таксама — бясплатна — дыскі з фільмамі трапляюць потым у спэцыялізаваныя бібліятэкі для сьляпых па ўсёй Беларусі. Першапачаткова ўсё гэта ініцыятыва аднаго чалавека — журналіста Алеся Калошы.
«Ведаючы праблемы невідушчых, і сам маючы праблемы вялікія са зрокам, я разумею, як гэта вельмі важна данесьці ўзоры культуры, у прыватнасьці, узоры кіно для людзей, якія ня бачаць», — лічыць Алесь Калоша.
Паводле дадзеных Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, людзей, якія маюць патрэбу ў аўдыёдэскрыпцыі, у Беларусі больш за трыццаць тысяч. Многія ня разумеюць і паловы таго, што адбываецца на экране падчас дэманстрацыі звычайнага фільму.
«Кінатэатар паволі становіцца даступным для людзей з парушэньнем зроку. Асабліва зь цяжкімі парушэньнямі. Але гэта, на мой погляд, яшчэ вельмі важна для разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці», — кажа намесьнік старшыні Беларускага таварыства інвалідаў па зроку Міхаіл Антоненка.
Грамадзкая арганізацыя «Моцарт» заключыла зь кінастудыяй «Беларусьфільм» дамову аб выданьні 12 фільмаў для сьляпых. Але крызіс працэс прыпыніў. Грошай на наступную стужку — «Дзікае паляваньне караля Стаха» — у стваральнікаў няма.
Грамадзкая арганізацыя «Моцарт» заключыла зь кінастудыяй «Беларусьфільм» дамову аб выданьні 12 фільмаў для сьляпых. Але крызіс працэс прыпыніў. Грошай на наступную стужку — «Дзікае паляваньне караля Стаха» — у стваральнікаў няма.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1