Пра гэта ён сказаў, адказваючы журналісту зь Цюменскай вобласьці, які пацікавіўся, чаму Беларусь не ўзяла ў распрацоўку адно з нафтавых радовішчаў у Расеі.
«Вашыя словы ды Богу ў вушы. Што перашкаджае? Пазыцыя расейскага кіраўніцтва. А як потым уплываць на Беларусь, калі яна будзе нафту здабываць, а потым і газ?.. Калі б у нас сёньня было 7-8 мільёнаў тон нафты, у нас не было б ніякіх праблем. Гэта была б самая квітнеючая эўрапейская краіна», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама заявіў, што хацеў бы набыць акцыі расейскай кампаніі «Башнефть», — адпаведную прапанову ён накіроўваў расейскаму кіраўніцтву:
«Часта нас крытыкуюць: вось, Лукашэнка ня хоча прыватызаваць чатыры прадпрыемствы. Расея хацела б буйныя прадпрыемствы. Напрыклад, прадпрыемствы, якія выпускаюць трэйлеры для перавозкі ракет „Тополь“ (маецца на ўвазе МЗКЦ. — РС). „Інтэграл“ расейцы хочуць прыватызаваць — такіх ужо няма на постсавецкай прасторы. Я кажу: добра. У вас ёсьць цікавасьць да гэтых прадпрыемстваў. А ў мяне ёсьць цікавасьць да здабычы нафты, каб 7-8 мільёнаў тон мы маглі здабываць самі. І вось калі была прыватызацыя „Башнефти“, я накіраваў прапанову вашаму кіраўніцтву. Да гэтага часу адказу няма. Значыць, ня хочуць».