Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гааскі суд: анэксія Крыму прывяла да ўзброенага канфлікту


Дзеяньні Расеі ў 2014 годзе, якія скончыліся анэксіяй Крыма, прывялі да сытуацыі, раўназначнай узброенаму канфлікту, гаворыцца ў справаздачы Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе, які вядзе папярэдняе расьсьледаваньне справы аб сытуацыі ва Ўкраіне, паведамляе BBC.

Канчатковае рашэньне — ці лічыць гэты канфлікт міжнародным — суду яшчэ трэба будзе прыняць. Рашэньне паўплывае на вэрдыкты па справах аб злачынствах, якія адбываліся на фоне канфлікту.

Асноўную прыкмету міждзяржаўнага ўзброенага канфлікту суд бачыць у тым, што Расея задзейнічала асабісты склад узброеных сіл для атрыманьня кантролю над часткамі тэрыторыі Ўкраіны бяз згоды ўраду Ўкраіны, гаворыцца ў справаздачы.

«Пазьней Расейская Фэдэрацыя прызнала, што расейскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў захопе Крымскага паўвострава, сярод іншага апраўдваючы інтэрвэнцыю меркаванымі пагрозамі грамадзянам Расейскай Фэдэрацыі, меркаваным рашэньнем жыхароў Крыма далучыцца да Расейскай Фэдэрацыі», — гаворыцца ў справаздачы.

У рамках справы «Сытуацыя ва Ўкраіне» суд вывучае шматлікія злачынствы на тэрыторыі Крыму і Ўсходняй Украіны пасьля інтэрвэнцыі.

У выпадку Крыму гэта прыгнёт крымскіх татараў, забойствы, неправамерныя арышты і прымус да ваеннай службы. Сьпіс злачынстваў носіць папярэдні характар, агаварылася судзьдзі. Аналягічны сьпіс па Ўсходняй Ўкраіне ўключае таксама зьнікненьні і выкраданьні людзей, катаваньні, разбурэньне грамадзянскіх абʼектаў.

«Грунтуючыся на зьвестках, атрыманых зь вялікай колькасьці крыніц, вартых даверу, Канцылярыя Пракурора стварыла вычарпальную базу дадзеных, якая ўключае больш за 800 інцыдэнтаў, якія, як мяркуецца, адбыліся ў рамках справы „Сытуацыя ва Ўкраіне“ з 20 лютага 2014 году», — гаворыцца ў справаздачы.

Расея анэксавала Крым у сакавіку 2014 году пасьля рэфэрэндуму, легітымнасьць якога Ўкраіна і большасьць краін-членаў ААН не прызнаюць. Канфлікт вакол паўвострава стаў адной з прычынаў увядзеньня супраць Расеі санкцый з боку краінаў Захаду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG