Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая выклала ў фэйсбуку свой разьліковы ліст па атрыманым заробку за кастрычнік.
Яна паведаміла, што яе заробак за кастрычнік склаў у пераліку зь беларускіх рублёў каля 500 эўра. Як вынікае з разьліковага ліста, гэтыя грошы налічаныя за 12 працоўных дзён.
«Многа гэта ці не, калі сярэдні налічаны заробак працаўнікоў па краіне за верасень склаў 345 эўра? — піша дэпутатка. — Як вы лічыце, якую заработную плату павінны мець дэпутаты заканадаўчага органа нашай краіны? Якія аптымальныя суадносіны павінны быць зь сярэднім заробкам?»
Пры гэтым дэпутатка адзначае, што «самыя высокааплатныя дэпутаты ў сьвеце працуюць у Аўстраліі. Іх штомесячны даход складае 15 400 эўра. У Эўропе больш за ўсіх зарабляюць італьянскія парлямэнтары (14 580 эўра). Мае ўкраінскія калегі — крыху больш за 2000 эўра, расейскія з наступнага году — 5600 эўра. Самыя „бедныя“ дэпутаты краінаў ЭЗ працуюць у Баўгарыі (1300 эўра)».
Ганна Канапацкая зьяўляецца звычайнай дэпутаткай, сябрам сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па эканамічнай палітыцы.
14 лістапада Аляксандар Лукашэнка падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласьць даручыў у 2017 годзе вярнуць сярэдні заробак у краіне на ўзровень 500 даляраў.