Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Будынкі заводу ЭВМ у цэнтры Менску перададуць праграмістам


Частку будынкаў і тэрыторыяў на плошчы Якуба Коласа ў раёне вуліц Кульман, Веры Харужай і Якуба Коласа, што «неэфэктыўна выкарыстоўваюцца», перададуць Парку высокіх тэхналёгіяў, распавядае БелТА пра рашэньне Аляксандра Лукашэнкі.

Верагодна, гаворка пра будынкі 1950-х гадоў, якія раней належалі заводу ЭВМ (ААТ МВАВТ), за сьпінай помніка Якубу Коласу. Якія менавіта плошчы атрымае ПВТ і ці атрымае ён будынкі паліграфкамбінату імя Коласа на другім баку вуліцы Харужай, не гаворыцца.

«Асноўны суб’ект, які будзе разьвіваць гэтую тэрыторыю, — ПВТ. Ён будзе ствараць прастору для працы праграмістаў і кампаніяў, якія плянуюць разьвіваць новыя бізнэс-ідэі, — заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Андрэй Гаеў. — Але будуць і прыватныя інвэстары, якія ўнясуць спадарожныя напрамкі ў сфэры абслугоўваньня, гандлю, грамадзкага харчаваньня, стварэньня спартовых пляцовак. У тым ліку для таго, каб гэтая тэрыторыя ў цэнтры Менску адпавядала самым сучасным патрабаваньням».

Паводле Гаева, Лукашэнка даручыў ажыцьцявіць канцэпцыю «ў самыя жорсткія тэрміны», праз два гады пляцоўка мае выглядаць «зусім па-новаму». ПВТ, кажа чыноўнік, гатовы ўкласьці 30 мільёнаў (даляраў ці рублёў, не ўдакладняецца).

Кампаніям і прадпрымальнікам, якія працуюць на тэрыторыі, прадугледжанай для праграмістаў, абяцаюць кампэнсацыі ў выпадку неабходнасьці «зьмены канцэпцыі працы».

Лукашэнка на нарадзе адзначаў, што яшчэ ў студзені 2014 году было вырашана адабраць у МВАВТ 18 дзяржаўных будынкаў, што не выкарыстоўваюцца. Праводзілася чатыры аўкцыёны, а будынкі засталіся ў ранейшым стане. Лукашэнка наракаў, што МВАВТ «працуе не па профілі і не шукала, як задзейнічаць нявыкарыстаныя плошчы для вытворчасьці запатрабаванай прадукцыі».

Тэрыторыі паліграфкамбінату на Якуба Коласа ў 2013 годзе выкупіў турэцкі інвэстар «Менск Прынцэс Гатэль» (уладальнік гатэлю Сrowne Plaza на вул. Кірава і некалькіх казіно Princess), які абяцаў зрабіць на тэрыторыі пяцізоркавы гатэль. На момант публікацыі гатэль не адкрыўся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG