Судзьдзя аршанскага суду Іна Кохава прызнала спадара Паўлава вінаватым у дробным хуліганстве паводле падзеяў 11 верасьня. Заяву ў міліцыю на нібыта супрацьпраўныя дзеяньні назіральніка напісала былая старшыня ўчастковай выбарчай камісіі Натальля Вайцаховіч, дырэктарка сярэдняй школы № 5, дзе знаходзіўся выбарчы ўчастак № 16.
Паводле Віталя Паўлава, ён прыйшоў на ўчастак у якасьці назіральніка прыкладна за паўгадзіны да сканчэньня галасаваньня. І зрабіў заўвагу старшыні камісіі, калі яна пасадзіла чальцоў камісіі за падлік галасоў такім чынам, што назіральнікі нічога не маглі ўбачыць.
З гэтага, уласна кажучы, і разгарэўся канфлікт, тлумачыць спадар Паўлаў:
«Я сказаў, што вакол стала чальцоў камісіі рассадзілі незаконна — што адзін бок стала мусіць быць адкрытым для назіральнікаў. Старшыня камісіі раззлавалася пачала казаць, што я тут камандую, перашкаджаю і гэтак далей. Аднак усё ж перасадзіла людзей як мае быць. Праўда, мне загадала адыйсьці ад стала з бюлетэнямі яшчэ на два мэтры, так што паміж мной і сталом, дзе сядзела камісія, было ўжо пад чатыры мэтры. Спадарыня Вайцаховіч ўвесь час пагражала, што выдаліць мяне з участка за заўвагі, але нічога такога ня здарылася — я спакойна пайшоў дадому, калі бюлетэні павезьлі здаваць у выканкам».
На наступны дзень Віталь Паўлаў быў затрыманы міліцыяй, калі ішоў на аршанскі чыгуначны вакзал, каб ехаць у Менск на акцыю пратэсту. Два міліцыянты, Валянцін Межусь і Руслан Папко, пад пагрозай сілы змусілі актывіста сесьці ў міліцэйскую машыну і адвезьлі ў пастарунак. Там яго двойчы абшукалі і зьмясьцілі ў камэру часовага ўтрыманьня, а потым паказалі пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні паводле артыкулу 17.1 КаАП «Дробнае хуліганства».
Як высьветлілася, папярэднім вечарам, падчас здачы бюлетэняў, Натальля Вайцаховіч зь ейных словаў, вырашыла пакараць назіральніка. І там жа ў райвыканкаме напісала заяву ў міліцыю. На судзе яна патлумачыла гэта так:
«Я распавяла калегам, што назіральнік у мяне на ўчастку паводзіў сябе па-хуліганску. Што ён брыдкасловіў, абражаў мяне і замінаў працаваць камісіі. Мне сказалі, што трываць такое нельга, і я напісала заяву ў міліцыю».
Тое самае пацьвердзіла ў судзе падначаленая спадарыні Вайцаховіч, пэдагог-псыхоляг той самай школы Людміла Лазарава. Яна з дакладнасьцю да апошняй літары паўтарыла некалькі не літаратурных выразаў, якія нібыта ўжыў назіральнік.
Віталь Паўлаў не прызнаў факту хуліганства:
«На ўчастку, калі я там быў, прысутнічалі і міліцыянт, і супрацоўнік МНС. Так, я рабіў заўвагі, гэтага не адмаўляю. Але не мацюкаўся і нікога не абражаў. Каб я паводзіў сябе так, як распавядаюць прадстаўнікі школы, мяне б адразу мусілі затрымаць».
Чаму гэтак ня здарылася, суд высьвятляць ня стаў. Выкліканы ў якасьці сьведкі супрацоўнік МНС заявіў, што нічога ня чуў, бо знаходзіўся на істотнай адлегласьці ад бакоў канфлікту. А міліцыянт па прозьвішчы Пляшко так ніводнага разу і не зьявіўся на судовы працэс: апошнім разам ягонае кіраўніцтва даслала афіцыйную паперу, што ён тэрмінова і на некалькі дзён выкліканы на брыгаднае дзяжурства ў пасёлак Копысь Аршанскага раёну.
Судзьдзя Іна Кохава прызнала актывіста вінаватым у правапарушэньні, абапіраючыся на словы заяўніцы і сьведкі, падначаленай ёй па працы. І не зьвярнула ўвагі на тое, што зазначыў спадар Паўлаў адносна недакладна складзенага пратаколу: там, прыкладам, указаны ні месца, ні час зьдзяйсьненьня правапарушэньня, няма прозьвішчаў сьведак.
Віталь Паўлаў гаворыць, што абскарджваць судовае рашэньне ня будзе, бо ня мае даверу да Віцебскага абласнога суду, які ніводнага разу не падтрымаў ягоныя скаргі. У прыватнасьці, апошнюю — калі ён скардзіўся на тое, што яго не зарэгістравалі ў якасьці кандыдата на мінулых выбарах.
Што да заявы былой старшыні камісіі, якая паскардзілася на яго ў міліцыю, калі «ёй параілі», то спадар Паўлаў расцэньвае гэта як дробную помсту:
«На гэтым участку я быў назіральнікам ужо другі раз. І Натальля Вайцаховіч, мабыць, запомніла мяне яшчэ з прэзыдэнцкіх выбараў: летась я заўважыў там шмат парушэньняў, спрабаваў фатаграфаваць гэтыя парушэньні. Атрымліваў ад яе заўвагі неаднаразова, і ўвесь час яна пагражала мне выдаленьнем. Я падаў на працу камісіі 5 скаргаў, і не магу выключаць таго, што заява ў міліцыю — гэта спроба зьвесьці са мною рахункі».