У бліжэйшы аўторак за кандыдатку ў прэзыдэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Гілары Клінтан гатовыя прагаласаваць 48% амэрыканцаў, а за рэспубліканца Дональда Трампа 43%.
Як паведамляе BBC, такія вынікі апублікаванага ў нядзелю раніцай перадвыбарнага апытаньня, якое рэгулярна праводзіцца тэлеканалам ABC і газэтай Washington Post.
У пятніцу аналягічнае апытаньне паказаў суадносіны 47:44.
Былая дзяржаўная сакратарка паперадзе таксама паводле колькасьці цьвёрдых прыхільнікаў, тых, хто галасуе, бо ім падабаюцца праграма і асоба кандыдата. Такіх сярод выбарнікаў Клінтан 55%, а ў яе суперніка — 43%. Звыш за палову тых, хто мае намер падтрымаць Трампа, паводле іхных словаў, робяць гэта не дзеля яго, а каб быць супраць Клінтан.
22 кастрычніка Клінтан апярэджвала Трампа на 12%, але пасьля шанцы кандыдатаў выраўняліся на фоне паведамленьня, што ФБР аднавіла расьсьледаваньне ў сувязі зь яе электроннай перапіскай у бытнасьць кіраўніцаю Дзярждэпартамэнту.
У суботу супрацоўнікі службы бясьпекі Дональда Трампа вывелі яго са сцэны падчас выступу перад выбарцамі ў горадзе Рэно ў штаце Невада.
Прычынай гэтага стала бойка ў натоўпе. Празь некаторы час Трамп вярнуўся на сцэну і завяршыў прамову.
Раней у суботу і Дональд Трамп, і Гілары Клінтан выступілі перад сваімі прыхільнікамі ў Флёрыдзе — адным са штатаў, ад якіх будзе залежаць вынік галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах 8 лістапада.
У Флёрыдзе і Нэвадзе назіраецца вялікі наплыў выбарцаў лацінаамэрыканскага паходжаньня, якія жадаюць прагаласаваць датэрмінова. Чакаецца, што асноўная частка іхных галасоў будзе аддадзеная на карысьць Гілары Клінтан.
Самае папулярнае
1