Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму кінафэстываль «Лістапад» так і ня стаў падзеяй міжнароднага маштабу


Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Ігар Карней і Віталь Цыганкоў.

Карней: Сёньня ў Менску пачынаецца міжнародны кінафэстываль «Лістапад». Ён будзе ўжо 23-ці па ліку. Але сёлета «Лістапад» упершыню апынуўся пад пагрозай зрыву.

Незадоўга да пачатку генэральны спонсар у асобе прадпрыемства «Беларуськалій» адмовіўся ад фінансаваньня, спаслаўшыся на праблемы эканамічнага парадку. Пасьля гэтага арганізатары заявілі, што могуць аплаціць выдаткі толькі на 40%. Гэта ставіла пад удар усё мерапрыемства. Неадкладна было праведзена паседжаньне Савету міністраў, па выніках якога віцэ-прэм’ер Натальля Качанава паабяцала, што кінафорум адбудзецца, гэта справа прынцыпу і гонару.

Невядома, якія паўзьдзейнічалі аргумэнты, але заняць месца «Беларуськалія» пагадзілася кампанія «Эўрагандаль», якая ўтрымлівае сетку крамаў «Эўраопт». Таксама былі падпісаныя дамовы зь фірмай «АСБ Лізінг» — даччынай кампаніяй «Беларусбанка», і фірмай «Штадлер Менск». Апошнімі далучыліся «Менскія тэлевізійныя інфармацыйныя сеткі» (МТІС). Усёй грамадой грошы сабралі, але ўпрытык. Шыкаваць не выпадае.

Дзеля справядлівасьці, праблемы ў той ці іншай ступені суправаджаюць «Лістапад» практычна ўсе гады, але рубам пытаньне паўстала ўпершыню. У сваю чаргу, гэта лішні раз дэманструе непрадказальнасьць сытуацыі, калі фінансаваньне культуры адбываецца паводле астаткавага прынцыпу.

Гэта пры тым, што магчымасьці для росту ёсьць. У 2011 годзе рашэньнем Міжнароднай фэдэрацыі асацыяцыяў кінапрадусараў FIAPF менскаму кінафэстывалю ў парадку стымулу далі часовую акрэдытацыю. Праз два гады, пасьля заканчэньня выпрабавальнага тэрміну, «Лістапад» атрымаў сталую акрэдытацыю — на знак прызнаньня высокай якасьці арганізацыі мерапрыемства. Фармальна «Лістапад» папоўніў сьпіс самых прэстыжных кінафорумаў сьвету, у ліку якіх шырока вядомыя Бэрлінскі, Вэнэцыянскі, Канскі, Манрэальскі, Маскоўскі.

Як анансаваць візыт галівудзкага сьвяцілы, калі да апошняга месяца няма каштарысу?

Аднак высокі статус «Лістапада» практычна нічога не зьмяніў у ягоным зьмесьце. Адрозна ад згаданых адрасоў ад Бэрліну да Канаў, па чырвонай дарожцы перад Палацам Рэспублікі ў Менску ў лепшым выпадку дэфілююць артысты расейскіх сэрыялаў. Чаму? Як кажуць, глядзі вышэй: каб запрасіць зорку міжнароднага маштабу, трэба быць гатовым раскашэліцца. Але як анансаваць візыт галівудзкага сьвяцілы, калі да апошняга месяца няма каштарысу? Хіба што можна чакаць прыезду асабістых сяброў Аляксандра Лукашэнкі — Жэрара Дэпардзьё ды Стывэна Сыгала. Абодва маюць расейскае грамадзянства і лічаць за гонар пагасьцяваць у доме беларускага лідэра.

Што да праграмы кінафэстывалю, то яна ўключае ў сябе больш за паўтары сотні стужак з 45 краін: гэта ўсясьветныя прэм’еры, гульнявыя і дакумэнтальныя фільмы, дэбютныя працы маладых аўтараў, нацыянальныя рэтраспэктывы, пазаконкурсныя паказы. На адкрыцьці — прэм’ера расейскага альманаха «Пецярбург. Толькі па каханьні», у фінале пойдзе карціна польскага рэжысэра Анджэя Вайды «Рэшткавыя малюнкі».

У конкурсе ігравога кіно возьмуць удзел 11 карцін, адабраных з 800 прэтэндэнтаў. Журы ўзначаліць грузінскі рэжысэр і сцэнарыст Заза Ўрушадзэ — ягоны фільм «Мандарыны» намінаваўся на прэміі «Оскар» і «Залаты глёбус».

Таксама пройдзе конкурс нацыянальных кінашколаў, які ў фармаце майстар-клясу зьбярэ маладых рэжысэраў і выпускнікоў вядучых кінаакадэміяў сьвету, творчых майстэрняў. Пазаконкурсная праграма ўключае фільмы-прызэры статусных кінафэстываляў.

Праект «Кіно пераменаў» аб’яднае дакумэнталістаў з розных краін. У гэтай намінацыі прадстаўлена багата беларускіх майстроў, якія гучна заявілі пра сябе на міжнароднай арэне.

Глод: Пытаньне Ігара Карнея з разраду тых, на якія вельмі проста адказаць трыма словамі: не хапае грошай. Каб зоркі ўсясьветнага кінэматографу паехалі ў Менск, іх трэба прывабіць. А чым іх можа прывабіць сталіца Беларусі? Гэта ж не Вэнэцыя, ня Каны і нават не Бэрлін. Таму застаецца адзін варыянт — завабліваць гасьцей-зорак сур’ёзнымі ганарарамі, як кажуць, матэрыяльна зацікавіць. Але ж на гэта няма сродкаў. Спадзявацца на Міністэрства культуры і менскі гарвыканкам не выпадае. Яны, праўда, забясьпечылі сваю частку фінансаваньня, але ж гэта адносна невялікія сумы.

Беларускае заканадаўства не дае прэфэрэнцыяў спонсарам розных культурных мерапрыемстваў.

Вядома, тут самы раз было б далучыць да арганізацыі «Лістапада» беларускіх бізнэсоўцаў. Але як іх прывабіць? Беларускае заканадаўства не дае прэфэрэнцыяў спонсарам розных культурных мерапрыемстваў. Таму бізнэсу культура, па вялікім рахунку, нецікавая. І вельмі цяжка знайсьці людзей, якія б пагадзіліся проста так, за дзякуй, укладаць сродкі ў кіно, тэатар, у культуру наагул. Гэта хутчэй аматары, прыхільнікі культуры. Яны і даюць грошы. Але ж гэта нязначныя сумы, бо спонсары не ўваходзяць у сьпіс найбуйнейшых беларускіх алігархаў.

Яшчэ адна прычына, якая перашкаджае станаўленьню «Лістапада» як вялікага кінэматаграфічнага форуму, — палітычны падыход да яго. Нават яго арганізатары прызнаюць: фэстываль — ня толькі культурніцкая акцыя, але і палітычна-ідэалягічная. І фільмы падбіраюць для прагляду, і ацэнкі выстаўляюць, ні ў якім разе не забываючыся пра гэты складнік. Як кажуць, усе трымаюць у галаве, у якой краіне праходзіць фэстываль і якія густы ў кіраўніка гэтай краіны. А гэта ня можа не адбівацца на самім конкурсе, які праводзяць так, каб дагадзіць вядомым густам. І гэта асабліва адчуваецца на дакумэнтальнай праграме «Лістапада».

Ну і, вядома, нельга не сказаць, што любы буйны кінэматаграфічны фэстываль моцна зьвязаны са станам кіно краіны, у якой ён праходзіць. Некаторыя экспэрты кажуць, што беларускі кінэматограф наблізіўся да крытычнага стану. Лепшыя кадры сышлі з нацыянальнай кінастудыі, не знайшоўшы паразуменьня і запатрабаванасьці, а працягнуць магутныя традыцыі беларускай кінашколы адміністрацыя «Беларусьфільму» з розных прычын ня можа. Вось апошнім часам пайшлі чуткі, што студыю неўзабаве ўзначаліць цяперашні першы намесьнік міністра культуры Ірына Дрыга. Але ці здолее яна вярнуць старыя традыцыі — гэта, на мой погляд, вялікае пытаньне.

Цыганкоў: «Лістапад» — гэта, магчыма, найлепшае, што ёсьць у Беларусі ў сфэры кінэматографу. Гэты фэстываль праводзіцца з 1994 году ў Менску, ён акрэдытаваны ў міжнароднай асацыяцыі кінапрадусараў як спэцыялізаваны конкурсны фэстываль для фільмаў краінаў Балтыі, Цэнтральнай Азіі і Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Асобы, якія прыяжджалі пад маркай «Лістапада» ў Менск, уражваюць: гэта і Юозас Будрайціс, і Кшыштаф Занусі, Андрэй Зьвягінцаў, Эмір Кустурыца, Сяргей Лазьніца, Кіра Муратава, Арнэла Муці, Аляксандар Сакураў ды іншыя. Але такое ўражаньне, што фэстываль неяк застопарыўся ў сваім разьвіцьці. Апошнія гады мы ня бачым нейкіх прарываў, прысутнасьці фільмаў, якія б зрабілі яму славу. І сапраўды, ён ня стаў у адзін шэраг з найлепшымі сусьветнымі кінафэстывалямі, а застаецца ў такой рэгіянальнай форме для постсавецкіх краін.

Беларусь атрымала свае органы ўлады, банкаўскую сыстэму, што заўгодна, але не кінэматограф.

А вось у беларускім кінэматографе справы нашмат горшыя. Можна канстатаваць, што за 25 гадоў незалежнасьці гэта тая сфэра, дзе абсалютна не адбылося ўласнага станаўленьня. Беларусь атрымала свае органы ўлады, банкаўскую сыстэму, што заўгодна, але не кінэматограф. Калі спасылаюцца на тое, што гэта таму, што Беларусь малая краіна, то гэта неадэкватна. Напрыклад, Чэхія па насельніцтве параўнальная краіна, тыя самыя 10 мільёнаў. Але там здымаюцца дзясяткі сваіх уласных фільмаў на год, яны трапляюць у намінанты розных фэстываляў, «Оскара». Я не кажу пра Данію і яшчэ меншыя краіны за Беларусь. Нават калі браць постсавецкую тэрыторыю, грузінскія альбо літоўскія кінафільмы нашмат больш маюць посьпеху, чым беларускія.

Што ўспамінаецца пры слове «беларускае кіно»? Гэта фільм «Мы — браты», які проста стаў ганьбай беларускага кінэматографу і сваім мастацкім узроўнем, і тым, колькі грошай на яго было патрачана. Нейкія спробы робяцца толькі па-за дзяржавай, напрыклад, сцэнарыстам Андрэем Курэйчыкам. Ён спрабуе здымаць народныя фільмы, але, на думку кінакрытыкаў, не заўсёды ў яго добра выходзіць.

Трэба падзяляць гэтыя дзьве рэчы: «Лістапад» — досыць добры рэгіянальны кінафэстываль, але пры гэтым беларускі кінэматограф не атрымаў свайго разьвіцьця і знаходзіцца проста ў ганебным становішчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG