Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Дзяды ў Баранавічах зладзілі талаку ля крыжа рэпрэсаваным


Баранавіцкія дэмакратычныя актывісты адзначылі Дзяды, прыбраўшы каля крыжа ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў.

Людзі прыбралі тэрыторыю каля крыжа, усклалі кветкі, запалілі зьнічкі ды памаліліся за спачылых, кажа кіраўнік баранавіцкай суполкі ТБМ Мікалай Падгайскі:

«Неабыякавыя людзі прышлі да крыжа „Ахвярам гвалту 1939-1953 гг.“, што стаіць у сквэры ля вуліцы Смаленскай. Гэта менш за 100 мэтраў ад былой сумна вядомай турмы „Крывое Кола“, дзе сталінскія каты мучылі і забівалі нявінных людзей».

Каля крыжа актывісты прыбралі апалае лісьце, потым чыталі вершы рэпрэсаваных паэтаў, а краязнаўцы распавялі гісторыю ўсталяваньня крыжа, пасьля чаго адслужылі літыю за спачын ды прасьпявалі гімн «Магутны Божа».

Крыж-помнік ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў быў усталяваны актывістамі ў 1992 годзе ў цэнтры Баранавічаў. Аднак потым невядомыя патаемна перанесьлі яго на тэрыторыю былой турмы, дзе, паводле дасьледчыкаў, з 1939-га па 1941 год НКВД расстраляла некалькі тысяч чалавек.

Летась невядомыя апаганілі крыж ахвярам рэпрэсіяў, спаліўшы вянок ля яго. Міліцыя закрыла справу, ня здолеўшы высьветліць асобы вандалаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG