Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб жыць доўга, трэба не баяцца новага


Ня бойцеся новаўвядзеньняў, не лянуйцеся, а сьмела іх асвойвайце — гэта гарантыя доўгай актыўнасьці. Як кажуць беларусы, «цяжка ў школе, дык лёгка ў полі».

Выпадак з практыкі. 1 ліпеня 2016 году, у першы дзень дэнамінацыі ў банку, аплачваючы камунальныя плацяжы, адзін з нас атрымаў рэшту ўжо мэталічнымі рублямі і капейкамі. І адразу пасьля гэтага зайшоў на гарадзкі рынак купіць чарніц. Спытаў у сталай кабеты гадоў сямідзесяці пяці, колькі каштуе літар ягад. Яна бойка адказала: «35 тысяч старымі, або 3 рублі 50 капеек новымі, і калі можна бяз рэшты, мне патрэбная дробязь».

Пакупнік адкрыў кашалёк, выняў старую і новую дробязь і задумаўся, як лепш набраць гэтую суму. Тады кабета кажа: «Дай сама набяру». І спрытна набрала патрэбную суму ўперамешку старымі і новымі грашыма.

Яе паплечніцы па цэху, значна маладзейшыя па ўзросьце, у адзін голас усклікнулі: «Ну ты даеш!». А яна ім у адказ: «А што тут цяжкага? Я яшчэ месяц таму па ўзоры грошай у газэце нарэзала паперак і круглячкоў, размалявала іх, падпісала, і трэніравалася спэцыяльна, каб праблем потым не было».

Навуковае абгрунтаваньне гэтага выпадку такое. Здольнасьць мозгу чалавека ўспрымаць і засвойваць новую інфармацыю, адаптавацца да новых умоў шмат у чым вызначаецца такой яго уласьцівасьцю як нэйраплястычнасьць (ад грэцкага «plastikos» — падатлівы). З узростам ступень гэтай нэйраплястычнасьцi зьмяншаецца, што вядзе да зьніжэньня здольнасьці ўспрымаць новае і адаптавацца да яго. Але калі мозг заўсёды падтрымліваць у тонусе, трэніраваць яго самымі разнастайнымі спосабамі, у тым ліку, як у вышэй прыведзеным выпадку, нэйраплястычнасьць захоўваецца значна даўжэй, дзякуючы чаму пажылы чалавек можа захоўваць сваю жыцьцёвую актыўнасьць.

Мозг павінен штодня і шмат працаваць — і тады лёгка будзе асвойвацца ў любым узросьце ў нашым сьвеце, які бесьперапынна мяняецца. Дзеля гэтага можна выкарыстоўваць элемэнты так званай Інтэлектуальнай гімнастыкі (Intelligence Gym) — праўшам трэба імкнуцца рабіць справы левай рукой, некаторыя побытавыя справы рабіць з заплюшчанымі вачыма, і проста імкнуцца штодзень запамінаць нешта новае.

Ды нават гуляць у кампутарныя гульні! Згодна з апошнімі навуковымі дадзенымі, яны добра прадухіляюць узроставыя парушэньні памяці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG