Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямніцы «шэрага кардынала»: Што паказвае пошта Суркова


«Кардынал» Уладзіслаў Суркоў (каляж).
«Кардынал» Уладзіслаў Суркоў (каляж).

Хакеры з украінскай групы «Кібэрхунта» апублікавалі ў аўторак больш за 2 тысячы лістоў, атрыманых у выніку ўзлому скрыні электроннай пошты прымальні Ўладзіслава Суркова, былога намесьніка кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Расеі і дарадцы расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.

Лісты праліваюць сьвятло на тое, як Крэмль рыхтаваўся рэагаваць на ўкраінскі Майдан, калі той яшчэ не пачаўся, як пралічваў варыянты дзеяньняў, накіраваных на адчужэньне Крыму ад Украіны (да і пасьля перамогі «рэвалюцыі годнасьці»), як з Масквы ствараўся і кіраваўся праект «Новороссии».

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна Дзьмітрый Пяскоў не пацьвердзіў, але і не абверг сапраўднасьць выкладзеных у інтэрнэт лістоў, выбраўшы для камэнтару абцякальныя фармулёўкі. Паводле яго, «Суркову усе стараюцца нешта прыпісваць, і часьцей за ўсё гэта не адпавядае рэчаіснасьці». На пытаньне журналіста пра тое, ці тычыцца гэта інфармацыі з ўзламанай пошты, Пяскоў адказаў словам «вядома ж». У сераду Пяскоў паведаміў, што «Суркоў увогуле не карыстаецца электроннай поштай», — аднак і гэта сьцьвярджэньне не абвяргае сапраўднасьць перапіскі: хакеры з самага пачатку акцэнтавалі ўвагу на тым, што ўзлому падвергнулася не асабістая пошта Уладзіслава Суркова, а паштовая скрыню яго прымальні.

Адзін зь фігурантаў перапіскі, былы ўкраінскі дэпутат і адзін зь першых лідэраў "ДНР" Алег Цароў у Данецку ў чэрвені 2014 году.
Адзін зь фігурантаў перапіскі, былы ўкраінскі дэпутат і адзін зь першых лідэраў "ДНР" Алег Цароў у Данецку ў чэрвені 2014 году.

Радыё Свабода зьвязалася з прымальняй Уладзіслава Суркова па агульнадаступным тэлефонным нумары. Слухаўку падняла адна з згаданых ва ўзламанай пошце супрацоўніц, Марыя Вінаградава (у размове яна пацьвердзіла сваё імя і прозьвішча). Мяркуючы па перапісцы, Вінаградава была адным зь як мінімум трох чалавек, якія мелі доступ да узламаных паштовай скрыні. Марыя Вінаградава не змагла пацьвердзіць або абвергнуць сапраўднасьць апублікаваных лістоў, сказаўшы, што «не валодае такой інфармацыяй». Іншая супрацоўніца прыёмнай Суркова, Яўгенія Кудраўцава, якой адрасавана частка лістоў ва ўзламанай пошце, адмовілася ад любых камэнтароў. Зьвязацца з кіраўніком апарату Ўладзіслава Суркова Аляксандрам Паўлавым Радыё Свабода не ўдалося.

Пра тое, што выкладзены масіў лістоў, хутчэй за ўсё, не зьяўляецца падробкай, заявілі ўжо некалькі расейскіх і міжнародных экспэртных груп (Напрыклад, Bellingcat ці Atlantic Council). У сераду ўвечары сапраўднасьць перапіскі пацьвердзіў і адзін зь яе фігурантаў, расейскі бізнэсовец Яўгеній Чычваркін, які жыве ў Лёндане. У апублікаваных лістах ёсьць пасланы Чычваркіным Суркову чарнавік рэцэнзіі на кнігу Натана Дубавіцкага (літаратурны псэўданім Суркова). Празь некалькі тыдняў рэцэнзія была апублікаваная ў часопісе «Русский пионер».

Апублікаваныя лісты ахопліваюць пэрыяд з восені 2013 да лета 2014 году. Менавіта ў верасьні 2013 году Суркоў вярнуўся ў адміністрацыю прэзыдэнта з апарату ўраду і прыступіў да працы ў якасьці памочніка Пуціна па пытаньнях узаемадзеяньня з Абхазіяй і Паўднёвай Асеціяй. Многія неафіцыйныя крыніцы меркавалі, што Суркоў, звольнены за 2 гады да гэтага з пасады першага намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта, вярнуўся ў Крэмль, каб курыраваць ня толькі самаабвешчаныя рэспублікі Закаўказьзя, але і займацца адносінамі з Украінай. Перапіска пацьвярджае гэтыя здагадкі і ў дэталях паказвае, як Расея рыхтавалася да анэксіі Крыму і арганізоўвала праект «Новороссии».

Ёсьць у перапісцы і такія рэчы як запрашэньне на сьвяткаваньне Новага году ад расейскага алігарха Рамана Абрамовіча. На сьвяце чакаўся выступ брытанскага сьпевака Робі Ўільямса — праз паўтара года ён здыме кліп, у якім высмейваецца раскошны лад жыцьця расейскіх алігархаў. Ёсьць і дакумэнт пад назвай «Асноўныя кірункі дзейнасьці па лініі Расдруку» — у ім Суркову дасылаюць плян мерапрыемстваў па прасоўваньні расейскай культуры ва Украіне. У дакумэнце ёсьць праект «Кніжны параход па Дняпры». Паводле задумы аўтараў, параход меўся праплыць праз горад Кіраваград (цяпер — Крапіўніцкі), разьмешчаны за дзясяткі кілямэтраў ад галоўнай ўкраінскай ракі.

Украінскія хакеры абяцаюць блізкім часам апублікаваць і іншыя фрагмэнты перапіскі — за 2015 і 2016 гады. Аднак, паводле «Кібэрхунты», гэтыя файлы былі адпраўленыя украінскім спэцслужбам і пакуль ня могуць быць апублікаваныя з-за сваёй «апэратыўнай каштоўнасьці».

Радыё Свабода паразмаўляла з экспэртам міжнароднай групы дасьледчыкаў Conflict Intelligence Team Кірылам Міхайлавым, які ўважліва вывучыў зьмесьціва электроннай пошты прыймальні Ўладзіслава Суркова.

— Ці можна пацьвердзіць сапраўднасьць выкладзенай перапіскі?

— Тая, тая, што якая выкладзена за 2013-2014 год, несумненна сапраўдная. Па-першае, гэта пацьвярджаюць тэхнічныя экспэрты, такія як нашы калегі з Bellingcat. Па-другое, варта зьвярнуць увагу на велізарны маштаб непатрэбнай і бескарыснай для дасьледчыкаў інфармацыі, якая знаходзіцца ў гэтым масіве. Гэта зьяўляецца маркерам любой сапраўднай перапіскі. 95 працэнтаў яе займаюць зводкі, агляды СМІ па Абхазіі, Паўднёвай Асеціі, Украіне, Рэспубліцы Малдова. Вельмі шмат усякай асабістай інфармацыі, напрыклад, пра тое, як супрацоўнікі апарата Суркова падшуквалі яму штодзёньнікі з натуральнай скуры, і гэтак далей. Увогуле, фактычна трэба вельмі шмат праглядзець славеснай руды, каб нешта знайсьці. Думаю, што рабіць такую маштабную працу па падробцы было б вельмі складана. Акрамя таго, там няма ніякага такога «супэркампрамату», чаго мы яшчэ не ведаем. Пра тое, што Суркоў кіруе «ДНР» і «ЛНР», было вядома. Цяпер гэта проста пацьвярджаецца тым, што да яго прыходзяць каштарысы, сьпісы прызначэнцаў. Там няма нечага канкрэтнага, нейкай «бомбы», напрыклад, «Уладзіслаў Юр’евіч, мы зьбілі „Боінг“, давайце выкручвацца». Гэтага мы там не знайшлі. Мне здаецца, калі б гэта была сапраўды падробка, там было б нешта вельмі гучнае, сур’ёзныя заявы. Таму той масіў інфармацыі, які выкладзены ўчора, выглядае сапраўдным.

— Хто зьяўляецца ўладальнікам узламанай паштовай скрыні? Гэта асабістая пошта Суркова, пошта ягонага сакратара або нечая яшчэ?

— Гэты паштовую скрыню вядуць дзьве сакратаркі Суркова, спачатку адна, потым да яе дадаецца іншая. Туды прыходзіць вельмі шмат службовай перапіскі, ёсьць і некалькі важных сыходных лістоў. Там літаральна адзін-два лісты, дзе сам Суркоў нешта піша, і тое гэта перадаецца празь яго сакратарку. Гэта сакратарыят Суркова. Пры гэтым гэта афіцыйная прыймальня, гэта скрыня на дамэне gov.ru.

— На якія ўмоўныя катэгорыі можна падзяліць самыя цікавыя лісты з апублікаванай перапіскі?

— Па-першае, гэта 2014 год, гэта Абхазія і Паўднёвая Асеція, дзе паказваецца мэханізм кантролю Расеі над гэтымі непрызнанымі рэспублікамі. Відаць, што заканадаўства Абхазіі і Паўднёвай Асеціі узгадняецца і правяраецца ў Міністэрстве юстыцыі Расеі, у Міністэрстве эканомікі Расеі, у Расеі вядзецца праца над законапраектамі, над зьнешнепалітычнай дзейнасьцю гэтых рэспублік, трымаецца рука на пульсе падзей у Абхазіі, канфлікту апазыцыі з прэзыдэнтам і гэтак далей. Уласна, гэта была асноўная праца Суркова да таго, як у 2013 годзе зьяўляецца вельмі цікавы масіў лістоў, з таго моманту, як паўстала пытаньне аб тым, ці падпіша Януковіч пагадненьне аб асацыяцыі з Эўразьвязам. З гэтага моманту ў прыймальню Суркова прыходзіць вельмі шмат разнастайнай аналітыкі, пачынаючы з дадзеных пра рэгіёны Украіны і заканчваючы якая прыйшла ў лістапад 2013 года інфармацыяй пра выбарчы працэс, пра тое, як наладжаныя выбары ў Крыме і Севастопалі. Канстанцін Эрнст дасылаў сьпіс украінскіх тэлеканалаў, хто іх кантралюе. Уся гэтая інфармацыя ішла вялікім патокам ў лістападзе 2013 году, і гэтая аналітыка досыць цікавая.

Ёсьць яшчэ і іншыя выдатныя рэчы — гэта нарады. Вельмі цікава іх разгадваць. Нарады называюцца зусім нявінна — «Пытаньні прыгранічнага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з рэспублікай Крым», напрыклад. Праводзіцца яна ў снежні 2013 году і ўдзельнічае ў ёй — сюрпрыз! — Сяргей Глазьеў. Сяргей Глазьеў — гэта дарадца Пуціна, які фігураваў у «праслушках», агучаных ня так даўно Генпракуратурай Украіны, на якіх відаць, што ён, уласна, займаўся арганізацыяй прарасейскіх пратэстаў у Крыме і на паўднёвым усходзее Ўкраіны вясной 2014 года. Сяргей Глазьеў ўдзельнічае ў нарадах аб міжрэгіянальным супрацоўніцтве, адна з гэтых нарад праходзіць у Белгарадзе, на мяжы з Украінай, па іншы бок мяжы ад Харкава, куды, паводле заяваў украінскіх актывістаў, пасьля завозілі на аўтобусах пратэстоўцаў зь Белгараду, — гэта пра нешта кажа, мне здаецца.

Яшчэ адзін вельмі цікавы масіў — гэта інфармацыя непасрэдна з так званай «Данецкай народнай рэспублікі», у першую чаргу гэта Дзяніс Пушылін, былы «эмэмэмшчык», якога даўно падазравалі ў сувязях з Уладзіславам Сурковым. Цяпер гэта проста пацьвярджаецца: ён дасылае каштарыс на газэту «ДНР», сьпісы пэрсаналу Вярхоўнага савету «ДНР», ажно да прыбіральшчыцы, нейкія законы. У пошце прыёмнай Суркова зьяўляецца дэклярацыя аб стварэньні Саюзнай дзяржавы «Новороссия», за 10 дзён да яе публікацыі ў прэсе, і таму падобнае.

Яшчэ ёсьць цікавыя, як мне здаецца, рэчы для ўкраінскіх спэцслужбаў. Гэта людзі, зь якімі [ў Крамлі] працуюць або зьбіраюцца працаваць. Там апублікаваны сьпісы ўкраінскіх дзеячаў, частка з якіх вядомая сваёй прарасейскай пазыцыяй. Пры гэтым, вядома, складана сказаць, ці сапраўды яны мелі пэўныя кантакты з Крамлём, магчыма, гэта людзі, якія былі проста рэкамэндаваныя, каб адміністрацыя прэзыдэнта РФ выйшла з імі на кантакт. Я думаю, да гэтага ўжо прыглядаюцца ўкраінскія спэцслужбы. Некаторыя з гэтых людзей ужо знаходзіліся ў Расеі, а потым былі выгнаныя ва Ўкраіну, напрыклад, харкаўскі журналіст Андрэй Барадаўка. Яшчэ цікавы склад удзельнікаў некаторых нарад за лета 2014 года. Улетку 2014 году ў нарадах у адміністрацыі прэзыдэнта на Старой плошчы ўдзельнічалі такія многім вядомыя пэрсанажы, як Алег Цароў, вядомы харкаўскі сэпаратыст Канстанцін Далгоў і ім падобныя. Пакуль мы ня скончылі вывучэньне гэтага масіву перапіскі, але думаю, што там можна знайсьці вельмі шмат карыснай інфармацыі аб такіх будзённых дзеяньнях па кіраваньні і кантролі за падзеямі на паўднёвым усходзе Украіны.

Чытаць болей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG