Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джымі: 18 чэрвеня 1967-га


Джымі Гэндрыкс
Джымі Гэндрыкс

Ва ўсіх рамонтах ёсьць свае плюсы і мінусы. Нядаўна бацька паставіў новыя дзьверы ў кладоўку, і толькі тады, прыехаўшы, я ўспомніў, што богведама колькі часу на дзьвярах вісеў аграменны, паўтара на паўтара, постэр з худым цыбатым дзядзькам на фоне агонь-батарэі калёнак фірмы «Marshall». Пра самога дзядзьку з белым «Фэндэрам» у сям’і ніхто не гаварыў, таму мы з братам, фактычна, несьвядома вырасьлі пад ягоным амафорам, часам трапляючы ў той «Фэндэр» футбольным ці тэнісным мячом.

Што дзядзьку звалі Джымі Гэндрыкс, я даведаўся постфактум, калі постэр дарваўся да ручкі і быў выкінуты. Прайшло пару гадоў, і Джымі стаў для мяне ўсім — не раўнуючы Пушкін для людзей са знакам якасьці.

А задавальняліся неяк малым — бо купіць касэту ці дыск Джымі ці пачуць яго па тэлевізіі было немажліва. Аднойчы, праінспэктаваўшы мае разьбітыя пальцы, брат прывёз з Мінска стары фільмец, зьняты неўзабаве пасьля Гэндрыксавай сьмерці. Як толькі касэта была праглынутая відэамагнітафонам, пайшлі тытры і песьня «Rock me baby» — выступ на «Monterey Pop Festival» 1967 году. Вось тут у мяне дах і зьнесла.

Дзівіла, прычым, зусім ня тое, што потым сустракалася ў крытыцы — паіграў зубамі, за галавой... Усё гэта падавалася неістотным — але я быў проста шакаваны экспрэсіяй. Гэты дзядзька выкручваў сваю гітару, як мокры рушнік, на мяжы сваіх і ейных магчымасьцяў.

Значна пазьней прыйшло разуменьне, як мне пашанцавала — мантэрэеўскі канцэрт 1967 года быў адным з найлепшых выступаў Гэндрыкса.

Гэта быў пэўны экватар для яго, як цяпер выглядае. Роўна пяцьдзясят гадоў таму, увосень 1966-га 23-гадовы мэтыс сышоў з трапу самалёта ўмоўнага рэйсу «Н’ю-Ёрк — Лёндан». Канцэртны гітарыст Літл Рычарда, жаданы госьць клюбаў у н’ю-ёркаўскім Грыніч-Вілідж, апантаны музыка, які кінуў школу і ўсялякую адукацыю дзеля гітары, але пакуль нікому не вядомы. Мэнэджар Гэндрыкса, басіст «The Animals» Чэс Чэндлер, недзе знайшоў 19-гадовага бубнача Мітчала і 20-гадовага басіста Рэдынга, зь якімі адразу і селі пісаць «Hey Joe». Без вакалу, таму што фронтмэн новастворанага «The Jimi Hendrix Experience» ня надта любіў сьпяваць. Але ўрэшце ўламалі.

«Hey Joe» стаўся першым поп-гітом гурта, адмысловай візытоўкай, якая сваёй павольнасьцю досыць хутка надакучыла фронтмэну, схільнаму да дэструкцыі. Зрэшты, калі адкрыць альбомную вэрсію і зь дзясятак канцэртных, то выступ у Мантэрэі таксама падасца найбольш выйгрышным. Рэч у тым, што гэты фэстываль быў першым для Гэндрыкса сур’ёзным выпрабаваньнем у Амэрыцы. У Лёндане яго на той час зацанілі і Клэптан, і Макартні з Гарысанам, і Таўнсэнд з Джагерам, але ён хацеў уразіць радзіму. Таму даволі нудную «Hey Joe» ён ператварае ў шоў — і робіць гэта зь відавочным задавальненьнем. Пазьней задавальненьне зьнікне, прыйдзе галавакружная тэхніка імправізацыі наўзамен губна-зубной, а межы лірычных рок-н-рольных песень рассунуцца да пятнаццаціхвілінных баявікоў. Засяроджаных на музыцы, а не на зубах, скоках і спаленых гітарах.

І напрыканцы — пра літаратуру. То бок пра Боба Дылана (куды ад яго цяпер падзенесься?). Найбольш вядомая ў Гэндрыкса перапеўка набеліята — гэта, безумоўна, «Аll along the Watchtower», якая ўвайшла ў двайнік «Electric Ladyland» і праславілася перш за ўсё тым, што Джымі дваццаць разоў яе перапісваў (мо і нездарма, сам Боб Дылан, паслухаўшы, стаў граць на сваіх канцэртах толькі вэрсію Гэндрыкса).

Усё наперадзе — сваркі за кантракт, сотні канцэртаў, Вудсток, пакутліва запісаныя альбомы, вучэньне пра Electric Church, разьліўное мора забароненых рэчываў і раньняя сьмерць у 27 год ад снатворнага ў часе турнэ. Але я ўсё пра той жа Мантэрэй 18 чэрвеня 1967-га. Лета каханьня, дзеці-кветкі, зорка брытанскага харда сьпявае ўлюбёную песьню Боба Дылана «Like a Rollin’ Stone». І яму гэта відавочна ў кайф.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG