Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту прагаласавалі за зьняцьце парлямэнцкай недатыкальнасьці з Жана-Мары Лё Пэна — заснавальніка крайне правай францускай партыі «Нацыянальны фронт».
Гэта было зроблена на запыт францускай юстыцыі ў Эўрапарлямэнт, якая папрасіла пачаць перасьлед Жана-Мары Лё Пэна паводле абвінавачаньня ў расісцкіх выказваньнях. Пра гэта паведамляе RFI.
Эўрадэпутаты пагадзіліся з высновамі камісіі па юрыдычных справах, якая вырашыла, што выказваньні былога кіраўніка «Нацыянальнага фронту» не адпавядаюць статусу дэпутата Эўрапарлямэнту.
Прычынай такога рашэньня стала відэа Жана-Мары Лё Пэна, апублікаванае на сайце крайне правай партыі ў чэрвені 2014 году. У ім Лё Пэн раскрытыкаваў музыкаў, якія выступілі супраць «Нацыянальнага фронту». Назваўшы імя францускага сьпевака габрэйскага паходжаньня Патрыка Бруэля, Жан-Мары Лё Пэн паведаміў пра намер наступны раз адправіць прадстаўнікоў шоў-бізнэсу ў печ.
Гэтыя словы заснавальніка «Нацыянальнага фронту» выклікалі хвалю абурэньня нават у шэрагах партыі. Цяперашні лідэр гэтай партыі Марын Лё Пэн палічыла за лепшае адмежавацца ад выказваньняў бацькі.