Такім чынам Крэмль адрэагаваў на словы мастацкага кіраўніка «Сатырыкону» аб недапушчальнасьці цэнзуры ў тэатры.
Прэсавы сакратар прэзыдэнта Дзьмітры Пяскоў назваў цэнзуру ў мастацтве недапушчальнай, але пры гэтым заклікаў ня блытаць яе з удзелам дзяржавы ў культурным жыцьці краіны.
«...Цэнзура недапушчальная. Неаднаразова гэтая тэма абмяркоўвалася на сустрэчах прэзыдэнта з прадстаўнікамі тэатральнай, кінэматаграфічнай грамадзкасьці. Але пры гэтым трэба дакладна дыфэрэнцыраваць тыя пастаноўкі і творы, якія ставяцца або здымаюцца на дзяржаўныя грошы ці з прыцягненьнем нейкіх іншых крыніц фінансаваньня», — заявіў Пяскоў.
Такім чынам ён пракамэнтаваў словы мастацкага кіраўніка тэатру «Сатырыкон» Канстанціна Райкіна, які 24 кастрычніка на зьезьдзе Саюзу тэатральных дзеячоў Расеі заявіў пра ўзмацненьне цэнзуры і ціск з боку грамадзкіх арганізацый пры маўклівым ухваленьні ўладаў.
Словы Райкіна пракамэнтаваў і прэзыдэнт мотаклюбу «Начныя ваўкі» Аляксандр «Хірург» Залдастанаў:
«Д’ябал заўсёды спакушае свабодай! А пад выглядам свабоды гэтыя райкіны хочуць ператварыць краіну ў сьцёкавую канаву, па якой плыў бы бруд. Бязьдзейнічаць мы ня будзем, і я зраблю ўсё, каб абараніць нас ад амэрыканскай дэмакратыі. Нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, якія яны распаўсюджваюць па ўсім сьвеце!»
24 кастрычніка ў сваім выступе на сёмым зьезьдзе Саюзу тэатральных дзеячаў Расеі Канстанцін Райкін сказаў, што яго трывожаць «наезды», якія пачаліся апошнім часам, на мастацтва і тэатар, у прыватнасьці.
«Словамі пра маральнасьць, Радзіму і народ, і патрыятызм прыкрываюцца, як правіла, вельмі нізкія мэты. Ня веру я гэтым групам абураных і пакрыўджаных людзей, у якіх, бачыце, рэлігійныя пачуцьці абражаныя. Ня веру! Веру, што яны прыплачаныя. Так што — гэта групкі брыдкіх людзей, якія змагаюцца незаконнымі мярзотнымі шляхамі за маральнасьць», — заявіў Райкін.