У верасьні, абсьледуючы яе рэчышча, актывісты наткнуліся на сажалку зь нечыстотамі. Забруджаную мясьціну хаваў хмызьняк, які разросься ў яры. За некалькі сот мэтраў ад яе — будынак аблвыканкаму. Але смурод да яго не пасьпеў дайсьці.
Як высьветлілася, вада з каналізацыйнага калектару ўздымалася на паверхню і забруджвала навакольле. Зроблены невядома кім адстойнік стрымліваў нечыстоты, каб яны не зьліваліся за насып, а паволі сьцякалі па раўку.
Абаронцы навакольнага асяродзьдзя заявілі: на Дзебры адбываецца экалягічнае бедзтва. Яны прымусілі камунальныя арганізацыі гораду зьвярнуць увагу на праблему і заняцца яе вырашэньнем.
«Выйшла так, што ўсе арганізацыі, у функцыі якіх уваходзіць дбаць пра навакольнае асяродзьдзе, разам заняліся праблемай, таму даволі апэратыўна яе вырашылі», — камэнтуе сытуацыю краязнаўца Леанід Платоненка.
Як вынікае з адказаў, атрыманых актывістам на ягоныя звароты, каналізацыйны калектар належыць заводу «Электрарухавік». Гэтае прадпрыемства і ліквідавала аварыйную сытуацыю. Пытаньне аб прыцягненьні вінаватых да адміністрацыйнай адказнасьці разглядаецца гарадзкой інспэкцыяй прыродных рэсурсаў.
Міліцыя ў сваю чаргу адпісала, што гаспадары прылеглых да Дзебры сядзібаў папярэджаныя аб недапушчальнасьці парушэньня правілаў добраўпарадкаваньня тэрыторыі.
Леанід Платоненка лічыць, што вытокі ўсіх малых магілёўскіх рэчак забруджаныя і вымагаюць асаблівай увагі з боку прыродаахоўных арганізацыяў. Актывіст заяўляе, што гэтае пытаньне будзе пад кантролем краязнаўцаў і эколягаў.
Мясьціна, на якой актывісты выявілі несанкцыянаваны адстойнік для нечыстотаў, ліквідаваны. Каналізацыйныя калодзежы адрамантаваныя. Тым ня менш застаецца багата бытавога сьмецьця. Яго нямала і на другім рукаве рачулкі. Ад сядзібаў да самай вады цягнуцца сьметнікі.
Гаспадары сядзібаў запэўнівалі журналіста, што да звалкі ў яры ля іхных хат дачыненьня ня маюць. На пытаньне, чыё сьмецьце, адказваюць, што ня ведаюць.
На пачатку кастрычніка эколягі зладзілі на Дзебры талаку. Прыбралі ад сьмецьця невялікі кавалак дзебранскага яру.