Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея вельмі залежная ад Захаду», — брытанскі палітоляг


Эдвард Лукас
Эдвард Лукас

Брытанскі журналіст і палітоляг, які спэцыялізуецца па Расеі і Ўсходняй Эўропе, Эдвард Лукас лічыць, што Захад пераацэньвае магчымасьці Ўладзіміра Пуціна.

«Гаворачы пра Пуціна, варта памятаць, што мы — я маю на ўвазе Захад — сутыкаемся з праблемамі ў адносінах зь ім, часьцяком яму і прайграем не таму, што мы абʼектыўна слабыя, а таму, што мы слабавольныя. Краіны заходняга сьвету — гэта ў сукупнасьці прыкладна мільярд чалавек і 40 трыльёнаў даляраў сукупнага ВУП. Расея — гэта 140 мільёнаў чалавек і 1,6 трыльёна даляраў ВУП. РФ — ня СССР, які прадстаўляў для Захаду глябальную пагрозу. Гэта толькі крыніца пэўных непрыемнасьцяў», — кажа ён.

Лукас нагадвае, што Расея вельмі залежная ад Захаду— напрыклад, у фінансавым пляне. Таму да агрэсіўнай рыторыцы Крамля трэба ставіцца спакайней.

«Пытаньне ў тым, на што ўся гэтая рыторыка, пагрозы, гульня мускуламі абапіраецца.


Хіба ў Расеі бурна разьвіваецца эканоміка, ёсьць вялікая колькасьць перадавых тэхналёгій, эфэктыўныя дзяржаўныя інстытуты? Спадар Пуцін, на жаль, зрабіў няслушныя высновы пра тое, што ўяўляюць сабой сапраўдныя інтарэсы яго краіны.


Значную частку свайго жыцьця займаючыся Расеяй, я цалкам шчыра хацеў бы бачыць яе выбітнай, моцнай і шчасьлівай краінай. Менавіта таму людзям, якія пачынаюць запэўніваць мяне ў тым, што Пуцін — вялікі лідэр, я кажу: не, гэта няпраўда. У расейскую гісторыю яго праўленьне нарэшце ўвойдзе як жудасны пэрыяд, калі Расея прыйшла да зьнешняй ізаляцыі і ўнутранай адсталасьці», — упэўнены брытанскі палітоляг.

Дасягнуць кампрамісу з Пуціным у Захаду не атрымаецца, лічыць Лукас:

«Я ня веру тым палітыкам, якія кажуць, як, скажам, Нікаля Сарказі ў Францыі: абярыце мяне, і я хуценька ўсё выпраўлю ў адносінах з Расеяй! Як, калі гаворка ідзе аб фундамэнтальным сутыкненьні інтарэсаў і каштоўнасьцяў Захаду і пуцінскага рэжыму? Мы верым у калектыўную бясьпеку, правы чалавека і дэмакратычнае разьвіцьцё, ён — не. Глебы для кампрамісу няшмат. Магчыма, нам не застаецца іншага выйсьця, акрамя адзінства, цьвёрдасьці, стрымліваньня і — чаканьня».

Цалкам інтэрвію Эдварда Лукаса чытайце на сайце расейскай службы Радыё Свабода


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG